У Гродне адзначылі Сусветны тыдзень груднога кармлення
У Мінску ўжо адзначылі Сусветную тыдзень груднога кармлення. У парку імя Горкага для кормячых мам і іх дзяцей з гэтай нагоды арганізавалі спецыяльную праграму. Там жа можна было атрымаць бясплатную кансультацыю ад спецыяліста па лактацыі. У гэтым годзе тэматыка Тыдня груднога кармлення (кожны раз абіраецца іншая) гучала так – “Побач з мамай”.
У Гродне гэты тыдзень адзначылі шостага жніўня ў парку Жылібера. У праграме значыліся віктарыны, падарункі, конкурсы, лекцыя для цяжарных ды майстар-класы па нашэнню дзяцей у слінгу. Арганізатарам мерапрыемства выступіў партал mamalama.by.
“Нават калі мама паспяхова пачала карміць грудзьмі, у першыя тыдні ці месяцы пасля родаў яна рызыкуе сутыкнуцца са складанасцямі, якія часта вядуць да скарачэння або спынення груднога кармлення. У выпадку недасягальнасці або адсутнасці падтрымкі з боку афіцыйнай медыцыны, жыццёва важнай становіцца сістэма падтрымкі маці ўнутры грамадства. Гэтая падтрымка можа ажыццяўляцца рознымі шляхамі, адзін з якіх – падтрымка з боку такіх жа жанчын, як яна сама”, – распавяла адна з арганізатарак Ганна Кузняцова.
Менавіта для гэтага і патрэбныя такія сустрэчы-мерапрыемствы – каб аб’яднаць і дапамагчы. У гэтым годзе у парку сабралося больш за 20 маладых мам з дзецьмі, а таксама цяжарных, для якіх Ганна правяла міні-лекцыю пра тое, як пачынаць грудное выкормліванне. Удзячныя слухачкі доўга не адпускалі выкладчыцу, задаючы ўсё новыя і новыя пытанні.
“Сустрэча прайшла менавіта так,я к мы яе задумвалі. Дэвіз Сусветнага тыдня груднога кармлення сёлета – “Побач з мамай”. Менавіта гэта мы бачылі сёння ў парку. Кожная мама выступала ў якасці “кансультанта”, распавядала пра свой досвед, мамы дапамаглі адна даной. Адбывалася тыя стасункі, якіх так часам не хапае!”, – зазначыла Ганна.
На пляцоўцы каля сцэны сабраліся дзеткі розных узростаў. Пакуль мамы размаўлялі, дзеці разам бавілі час. Былі і самыя маленькія, і тыя, хто ўжо ходзіць у школу.
“Гэта нашыя ветэраны”, – смяяліся мамы.
Тут жа праводзіўся майстар-клас па нашэнню дзяцей у слінгу. Любая жадаючая мама магла прымерыць той ці іншы слінг, а кансультант няспынна паказвала, як лепш завязваць, як лепш насіць, каб не стамлялася мама, а дзіцю было зручна.
Не абыйшлося і без віктарыны. Пытанні тычыліся груднога кармлення, а прызы дасталіся ўсім удзельніцам. У канцы мамы паспаборнічалі ў кіданні пустышак.
Здымкі Яна Лялевіча