“Каробчыцы” ўжо пазбавіліся ад усіх свінняў
– Няма ў гэтым загоне нікога, нават не шукайце, – уздыхаючы, паведамляе работнік заапарка наведвальнікам. – Былі свінкі, ды “дзякуючы” прэзідэнцкім указам, усіх прыйшлося знішчыць. І дзікіх і дэкаратыўных. Засталася адна, але яна сядзіць і не высоўвацца. У яе пару дзён таму парасяты нарадзіліся. Зусім маленькія яшчэ.
Сапраўды, у гулкім шматгалоссі птушак, звяроў і дзяцей, пачуць хоць якое рохканне ў “Каробчыцах” немагчыма. Аб былых гадаванцах зараз нагадваюць толькі драўляныя скульптуры.
Раней свінкі бесклапотна гулялі па заапарку ў Каробчыцах
Спрабуючы атрымаць афіцыйны каментар, набіраю пазначаны на сайце тэлефон.
– На такую тэму я з вамі не магу размаўляць, – толькі пачуўшы слова “свінні”, адгукаецца жаночы голас на тым канцы трубкі. – Тэлефануйце адразу на мясакамбінат.
Зрабіўшы яшчэ адну спробу набраць кіраўніцтва комплексу, атрымліваю іншы напрамак – “у аблвыканкам”.
– Ды што ж гэта за тэма такая сакрэтная? Я толькі хачу даведацца: знішчылі ў вас свіней ці, можа, яны самі здохлі?
– Было такое распараджэнне. Усюды знішчаюць, – нарэшце згаджаецца на размову дырэктар комплексу Валерый Бурдук.
– Няўжо і ў заапарках?
– Вядома. Тут бо шмат наведвальнікаў. Ніхто не ведае, адкуль яны, у якія лясы ходзяць, з кім кантактуюць… Але, вы не думайце, у нас усе свінкі добрыя былі, здаровыя. Лабараторыя ў нас якасная.
– Дык не простыя свінкі былі. І дэкаратыўныя, і в’етнамскія.
– Ды што ўжо пра гэта ўспамінаць, – уздыхае суразмоўца.
Аднак, аказалася, што не ва ўсіх заапарках Гарадзеншчыны пазбавіліся ад свіней. Напрыклад, у самым Гродне свінні свабодна разгульваюць па сваіх вальерах. Ёсць у гарадзенскім заапарку і в’етнамская аблавухая, і пекары, і проста кабаны з падазроным позіркам.
Здаецца, гэты кабан ўсё ж падазрае нешта нядобрае
Аднак, перажываць за свінак у заапарку ў Гродне пакуль не варта. Па словах яго дырэктара Алега Жданкіна, пазбаўляцца ад свінняў тут не плануюць.
– Пастанова не абавязвае знішчаць свіней, а рэкамендуе, – заявіў Алег Жданкін “Салідарнасці”. – У нас праводзяцца ўсе неабходныя прафілактычныя меры: на ўваходзе ляжаць спецыяльныя дэзінфекуючыя кілімкі, а машыны, якія прыязджаюць, апрацоўваюцца спецыяльнымі сродкамі. Так што нашы свінні ў бяспецы.
Як доўга яшчэ гэтыя свінкі могуць спаць спакойна – пытанне адкрытае.