На зусім не дзікім Захадзе

| Без катэгорыі

Апынуцца на амерыканскім Захадзе мне пашчасціла зусім нядаўна. Паездка групы беларускіх журналістаў у ЗША прадугледжвала і візіт у штат Арэгон, які месціцца на ўзбярэжжы Ціхага акіяну.


Пасля пахмурнага Чыкага найбуйнейшы горад штата Портланд сустрэў нас амаль 30-градуснай спякотай. Мясцовыя жыхары і турысты знаходзілі паратунак у шматлікіх фантанах і парках.

У адным з такіх паркаў у цэнтры гораду мясцовыя падлеткі «адрываліся» пад спевы мясцовага рок-гурта.

Але галоўныя ўражанні чакалі нас па-за межамі гораду. Тры гадзіны дарогі пад сонцам, горны перавал – і са спёкі трапляем ва ўкутаны туманамі і прадзьмуваемы ціхаакіянскімі вятрамі Ньюпарт. Узгадваем добрым словам перакладніцу Мілу, якая настойліва раіла захапіць з сабой на акіян курткі, ды рушым знаёміцца з мясцовымі адметнасцямі. Вось і першая з іх – порт. Кампаніі турыстаў у шматлікіх рэстаранчыках з марскімі стравамі, вакол плакаты з прапановамі выхаду ў адкрыты акіян палавіць рыбу ды крабаў. А вось і караблік, які толькі прывёз групку такіх турыстаў-рыбакоў. На беразе яны аддаюць злоўленую рыбу ў рукі адмыслоўцаў, якія за некалькі хвілінаў філеруюць яе, адлучаючы смачныя кавалкі ад галавы ды касцей.

                  

У некалькіх метрах проста на прыстані сваю долю ўлова (тыя самыя галовы ад рыбы) ужо чакаюць марскія львы.

Далей рушым на сам акіян. Густы туман не ў стане сапсаваць неапісальныя ўражанні велічы, створанай Маці-Прыродай! Гул хваляў, якія разбіваюцца аб шматкіламетровыя шырокія пясчаныя пляжы, смак солі на вуснах, буйная і адначасова суровая раслінасць на берагах, маляўнічыя ручаі, што ўпадаюць у акіян – любавацца гэтым можна было б да бясконцасці!

Гэтак сама, як і цудамі прыроднай архітэктуры кшталту Чортавага мола, які трапляецца нам ужо на зваротным шляху.

>

Арэгон – гэта не толькі акіян, але і шыкоўныя даліны рэк, горы, вадаспады. Над далінай ракі Калумбія мы спыняліся некалькі разоў і кожны раз з цяжкасцю адрывалі вочы ад велічных краявідаў па абодва бакі яе берагоў.

А вось і адна з візітовак Арэгону – вадаспад Малтнома! З вышыні ў некалькі сотняў метраў падае шырок струмень горнай ракі. Аглядаць гэтае відовішча можна са спецыяльна збудаванага маста.

Найбольш фізічна падрыхтаваныя турысты могуць узняцца і на самы верх вадаспаду, але для гэтага давядзецца адолець 8 км горных сцежак. Не гледзячы на ўвесь імпэт, мы здолелі прайсці толькі палову шляху. Але і гэтага было дастаткова, каб назаўжды закахацца ў хараство арэгонскай прыроды.

Фота аўтара