Амерыканскія гісторыі: выжыць у новых умовах
Некалькі дзесяткаў тысяч газет, часопісаў, радыё і тэлестанцый – і сярод іх аніводнага дзяржаўнага СМІ! Выключэнне складаюць толькі СМІ, створаныя для вяшчання на іншыя краіны (кшталту «Голаса Амерыкі»), але яны не маюць права працаваць на амерыканскім рынку!
У эфіры – «Голас Амерыкі»
СМІ ў ЗША сапраўды перажываюць пераломны момант. На мяжы банкруцтва апынуліся амаль усе буйныя штодзённыя газеты, паўсюль ідзе скарачэнне колькасці палосаў, змяншаюцца заробкі журналістаў. У некаторых рэдакцыях прайшлі альбо чакаюцца масавыя звальненні. Прычын тут некалькі. Першая – гэты сумнавядомы крызіс. Пацярпелі ад таго, як не дзіўна на першы погляд, самыя багатыя выданні. Іх асноўнай крыніцай прыбытку была рэклама буйных аўтаканцэрнаў і авіякампаній, вытворцаў электронікі, моднай вопраткі. Скарачэнне вытворчасці ў гэтых галінах аўтаматычна прывяло да змяншэння выдаткаў на рэкламу, а гэта ўжо наўпрост ударыла па буйных СМІ, якія вымушаныя ліхаманкава пераглядаць сваю рэкламную палітыку, вучыцца выжываць у новых умовах.
Куды больш упэўнена сябе пачуваюць малыя выданні, арыентаваныя найперш на жыхароў канкрэтна мясцовасці. Іх крыніцай рэкламы былі найперш мясцовыя вытворцы, рэстараны і г.д. Крызіс іх, канешне, таксама закрануў, але значна у меншай ступені – у адрозненні ад пакупкі новага аўтамабіля людзі не могуць адмовіцца ад ежы, пітва. Таму той жа «The Post and Kurier » з Чарльстана (дарэчы, другая найстарэйшая ў ЗША газета) мае штогод 4 млн. прыбытку. Пры гэтым 6% ад гэтай сумы прыносіць інтэрнэт-версія газеты.
Але і для мясцовых СМІ надыйшоў час пераменаў. Усе эксперты, з якімі мы сустракаліся, у адзін голас казалі, што чытацкая аўдыторыя імкліва старэе, што моладзь амаль не чытае газет, а людзі сярэдняга веку ўсё часцей атрымліваюць патрэбную інфармацыю з інтэрнэту. У выніку змяншаецца колькасць падпісчыкаў і пакупнікоў, а гэта другі па прыбытковасці артыкул бюджэту выданняў. Таму некаторыя газеты ўжо перасталі выходзіць у друкаванай версіі, некаторыя спрабуюць зарабляць, прадаючы навіны са сваіх on line старонак, трэція большы робяць акцэнт не на навіны (яны аператыўна змяшчаюцца на газетных інтэрнэт-сайтах), а на матэрыялы пра жыццё зорак, скандалы і г.д.
Пры гэтым усё большую вагу набываюць інфармацыйныя рэсурсы, створаныя самімі грамадзянамі. Да пракладу, чыкагскі сайт Chi Town штодня дае інфармацыю пра тое, што адбываецца ў розных кутках гораду. Рыхтуюць гэтую інфармацыю як прафесійныя рэдактары, так і грамадзяне, якія цікавяцца журналістыкай і хочуць браць актыўны ўдзел у жыцці сваіх супольнасцяў.
Журналісты ў ЗША імкнуцца асвятляць усе цікавыя мясцовыя падзеі. Гэты журналіст рыхтуецца перадаць рэпартаж з канцэрту ў гарадскім парку Портланда.
Падобныя праекты даводзілася сустракаць і ў Портландзе. Так, сайт «Разумны сусед» дае магчымасць мясцовым жыхарам абменьвацца інфармацыяй, дамаўляцца пра абмен паслугамі, даведвацца пра цікавыя падзеі ў розных частках гораду. Грамадская радыёстанцыя KBOO арыентаваная на тых, чый голас слаба чутны ў грамадстве. Таму ў яе эфіры, які рыхтуецца ў асноўным дабраахвотнікамі, шмат альтэрнатыўнай музыкі, размоваў на тэмы дыскрымінацыі і г.д. Фактычна, радыёстанцыя з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, якая трымаецца на сяброўскіх складках (стаць сябрам можа кожны, хто гатовы ахвяраваць $20) ды ахвяраваннях мясцовых спонсараў. Такога кшталту станцый у ЗША каля 2000 (усяго ў краіне звыш 11000 радыёстанцый).
Найбольш упэўнена адчувае сябе сёння ў ЗША тэлебачанне. Камерцыйныя каналы не маюць вялікіх праблем з прыцягненнем рэкламадаўцаў, насельніцтва актыўна карыстаецца падпіскай на каналы кабельнага тэлебачання, дзяржава дафінансоўвае дзейнасць грамадскага тэлебачання, якое транслюе, напрыклад, паседжанні мясцовых уладаў.
Аднак і тэлебачанне ўслед за газетамі і радыёстанцыямі ўсё большую ўвагу надае працы сваіх інтэрнэт-старонак. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял сацыяльных сетак у Сеціве: facebook, twitter і г.д. стала ўвайшлі ў жыццё амерыканцаў, што не маглі не ўзяць пад увагу і выдаўцы СМІ.
СМІ ў ЗША карыстаюцца вялізным аўтарытэтам. Пры гэтым у краіне няма аніякага закона пра СМІ! Дзейнасць іх рэгулюецца найперш Першай папраўкай да Канстытуцыі (папраўка была прынята яшчэ ў 1789 годзе!), якая гарантуе свабоду слова ў краіне і забараняе цэнзуру з боку ўладаў.
Для заснавання газеты (грамадскай арганізацыі, камерцыйнай фірмы і г.д.) дастаткова проста прынесці ў мясцовую падатковую інспекцыю дакумент пра першую праведзеную фінансавую аперацыю.
Высокім з’яўляецца і прэстыж журналісцкай прафесіі. Першы факультэт журналістыкі быў створаны яшчэ ў 1908 г. у штаце Місуры. Навучанне ў прэстыжным Паўночна-Заходнім Універсітэце ў Чыкага, які мы наведалі, каштуе каля $ 48 000 у год.
>
Аўтамабіль журналістаў, пасечаны кулямі ў Іраку. Частка экспазіцыі ўнікальнага музею навінаў, які працуе ў Вашынгтоне.
Разам з гэтым, існуе шмат розных стыпендый, якія дазваляюць істотна зменшыць кошт навучання. У тым ліку – і для студэнтаў з іншых краін. Штогод на факультэты журналістыкі паступае каля 150 тысяч студэнтаў, большасць з якіх застаецца працаваць у СМІ.
Таму фінансавы крызіс хоць і закрануў СМІ, не змяніў і не зменіць іх галоўную функцыю – даваць грамадзянам аператыўную інфармацыю пра найбольш важныя падзеі, кантраляваць дзейнасць ураду. У гэтым сэнсе ў амерыканцаў ёсць чаму павучыцца: і нашым СМІ і нашаму ўраду.
Фота аўтара