Супакоеная правінцыя: “Ганненскі кірмаш” у Зэльве вачыма берасцейкі

| Без катэгорыі

На мінулых выходных я ўвасобіла ў жыццё адну са сваіх вандроўнічых задум. Першая турыстычная вылазка па Гарадзеншчыне атрымалася ў Зэльву. А тут яшчэ і свята ў райцэнтры падвярнулася. Такім чынам – Зэльва і “Ганненскі кірмаш”.

Маленькая мясцовасць з насельніцтвам крыху больш за 7 тыс. чалавек гуляла з размахам для сваіх памераў, быццам на памяць аб былой папулярнасці і значнасці.У даўніну Зэльва была вядомая далёка за сваімі межамі дзякуючы “Ганненскаму кірмашу”. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы лічыліся аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім. Так было яшчэ ў XVIII стагоддзі. Зараз у гэта складана паверыць.

“Ганненскі кірмаш” атрымаў новае дыханне ў 2001 годзе. І хоць прыезджы чалавек, магчыма, свята эпахальным не назаве, але для жыхароў Зэльвеншчыны яно стала адным з самых чаканых і масавых. У СМІ яно было дастаткова праанансавана. Але, мабыць, я сама чакала нечага большага, чым можа даць маленькі райцэнтр…

Увогуле ўражанні станоўчыя: спадабалася гулянне з народнымі песнямі і танцамі, усмешлівыя ў святочным адзенні міліцыянты. Бачна, што Зэльва падрыхтавалася: на кірмашы можна было набыць фірмовыя нататнікі, ручкі і кружкі, але лагатып на іх даволі просты.

Унесці свой грамадзянскі ўклад у эканамічны складнік свята – з’есці порцыю шашлыка, купіць дадому тульскі пернік і супакоенай паехаць у вялікі горад.