Зміцер Дашкевіч вызвалены з гарадзенскай турмы!

У імправізаванай прэс-канферэнцыі Дашкевіч заявіў, што пасля вызвалення збіраецца займацца тым самым, чым займаўся да арышту. З’язджаць за мяжу ён не плануе.

Зміцер, які сядзеў у гарадзенскай турме ў адзіночнай камеры, на ўмовы ўтрымання не наракаў. Наадварот, казаў пра добрае стаўленне з боку часткі вязняў і нават прадстаўнікоў адміністрацыі – па вядомых прычынах падзякаваць гэтым людзям публічна ён не змог.

 

Пра само вызваленне Дашкевіч сказаў, што яго абудзілі, ён сабраў рэчы і выйшаў. На выхадзе казалі, что “месца тут табе, Дашкевіч, заўсёды знойдзецца.


“Я хачу падзякаваць за тое, што падтрымлівалі мяне. Гэта вельмі адчувалася. Дзякуй за лісты, дзякуй за малітвы. Шмат лістоў прыходзіла з Беларусі і Еўропы. Падтрымка вельмі патрэбна з таго баку нашай агульнай турмы, – распавядаў Зміцер.

Сустрэчу Зміцера на вуліцы Кірава пільна здымалі на відэа службоўцы ў цывільным. Яны таксама цягам ночы некалькі разоў абышлі квартал Гараднічанская-Кірава-Урыцкага-Тэльмана, пільнуючы прысутных.

 

Бліжэйшыя паўгода Зміцеру забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзін. Ён будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам. Нагадаем, што Зміцер Дашкевіч правёў 986 дзён у турме, большую частку з іх у адзіночных камерах.

 

Здымкі Вольгі Корсун