Дзеці-сіроты з Ліды ўдзельнічаюць у міжнародным тэатральным праекце “ДОМ”

|

Каб выйсці на сцэну, выхаванцы Лідскага дзіцячага дома змяшанага тыпу цягам трох тыдняў будуць вучыцца  тэхнікам імправізацыі і сучаснага танца.


Ці можна забраць у чалавека ягоны дом? Што гэта – будынак, кавалак зямлі альбо эмоцыі і ўспаміны, якія можна спраектаваць на любое месца?

Адказ на гэтыя пытанні шукаюць выхаванцы Лідскага дзіцячага дома змешанага тыпу разам са шведскімі педагогамі Мадлен Бэкман (Madeléne Beckman) і Бэна Ворхамам.

 

Дзіцячыя рэфлексіі, гісторыі і мары на тэму “ДОМ” лягуць у аснову аднайменнай танцавальнай пастаноўкі.

 

12-16-гадовыя падлеткі ўдзельнічаюць у міжнародным дабрачынным праекце “ДОМ” разам з акторамі і танцоўшчыкамі з Малдовы, Беларусі і Украіны. Спектакль пройдзе пад акампанемент (live) ды-джэя з Румыніі Ёна Кароі (Ion Coroi).

 

 

Прэм’ера адбудзецца  13 верасня ў Лідзе на сцэне раённага Палаца культуры. 

 

Гарадзенцы ўбачаць спектакль 27 верасня.

 

Праект ладзіцца пры падтрымцы Шведскай паштовай латарэі і Шведскага інстытута і шукае партнёраў у Беларусі.

Арганізатарам патрэбныя  аўтобус для тура па краіне, арганізацыя транспарціроўкі дзяцей з дзіцячых дамоў у розных гарадах на паказы спектакля, фінансавая падтрымка арэнды залаў.

 

“ДОМ” – далёка не першы спектакль Бэна Ворхама і Сібрыг Доктар у Беларусі.  У 2011 г. у Гродзенскім абласным драматычным тэатры Бэна Ворхам паставіў танцавальны перфоманс “Change”, які затым паказалі ў шэрагу беларускіх гарадоў. На год раней шведскія харэографы разам з гродзенскімі акторамі і танцорамі тэатра “Каракулі” стварылі харэаграфічныя спектаклі “Але не я…” і “Там, дзе вада цячэ ўгару”. У 2009 г. у рамках міжнароднага арт-праекта “Вектар танца” Бэна Ворхам прадставіў харэаграфічнае дзейства “Каралі, каралевы і іншыя босы”.

Бэна Ворхам і Сібрыг Доктар – заснавальнікі міжнароднай танцавальнай асацыяцыі “LAVA-Dansproduktion”  (Стакгольм). Гэта некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца навучальнымі курсамі па сучаснай харэаграфіі ва ўсёй Еўропе.

 

Паводле прэс-рэлізу