У Гродне па-беларуску будуць вучыцца пяць першакласнікаў — летась не было ніводнага

Першая кляса зь беларускай мовай навучаньня адкрылася сёлета ў школе № 37 Горадні. Вучняў у ёй пяцёра. У гэтай жа школе ёсьць і адна трэцяя беларускамоўная кляса — там тры вучні. У школе мяне запэўнілі, што праблемаў з навучаньнем у гэтых дзетак няма, бо ёсьць і беларускія падручнікі, і добрыя настаўнікі.

 

Выкладчык мэдыцынскага ўнівэрсытэту, прафэсар Алесь Астроўскі распавядае: падчас сустрэч з бацькамі ён адчуваў зь іхнага боку поўнае разуменьне, што беларускамоўная адукацыя патрэбная.

Але, на яго думку, відавочна тое, што ўлады ніякім чынам гэтаму не спрыяюць, а наадварот — робяць усё, каб у гэтым кірунку нічога не разьвівалася.

 

Сябры Таварыства беларускай мовы сёлета правялі ў гарадзенскіх школах больш за 50 сустрэч, агітуючы бацькоў, каб тыя аддавалі сваіх дзяцей у беларускамоўныя клясы. Але вынікі — нязначныя.

 

Астроўскі: «Улады ствараюць сытуацыю зусім іншую: беларускіх школаў няма, беларускіх клясаў няма, уся інфармацыйная прастора расейскамоўная, усе наўкола расейскамоўныя, і зрабіць чалавеку такі крок, каб аддаць дзіця ў беларускую клясу — вельмі складана.

Таму абсалютная большасьць людзей робяць паводле прынцыпу: так, як усе».

 

Гісторык, прафэсар Алесь Краўцэвіч, дзелячыся ўражаньнямі ад сустрэч у школах на бацькоўскіх сходах, адзначае, што людзі з разуменьнем ставяцца да праблемы.

А з боку адміністрацыі школы ён бачыў звычайны фармальны падыход: маўляў, нас пускалі толькі дзеля таго, каб паставіць у свае пляны чарговую птушачку аб праведзеным мерапрыемстве.

 

Краўцэвіч: «Беларуская мова мэтанакіравана, сьвядома выскрабаецца, вычышчаецца з усіх сфэраў жыцьця. І вось бацькі думаюць: аддаць дзіця ў беларускую школу — гэта распачаць дарогу змаганьня па мінным полі.

Змагацца, каб адкрылі клясу, каб знайшлі падручнікі, каб знайшлі вучняў… Ці трэба гэта людзям цяпер і ці многа знойдзецца такіх герояў, каб змагацца? Няма тых герояў».

 

Былая настаўніца беларускае мовы Ірына Данілоўская ўзгадвае, як пасьля рэфэрэндуму ў 90-я гады зьнішчалі беларускамоўную адукацыю.

Паводле яе, тады гэтаму радаваліся найбольш настаўнікі. І цяпер тыя, хто ўсё жыцьцё выкладаў прадметы па-расейску, усяляк працівяцца ўвядзеньню беларускай мовы ў школы.

Але спадарыня Данілоўская акцэнтуе ўвагу і на больш значнай праблеме.

 

Данілоўская: «У школе ніхто ня кажа: мы хочам беларускія клясы. А школу можна прымусіць, калі знойдуцца такія бацькі. А бацькі хочуць псаваць адносіны з настаўнікамі? У нас такіх шмат?

А зараз палічыце нават тых актывістаў, у каго дзеці ў школьным узросьце — яны ідуць „качаць правы“ ў школу, у РАНА? Колькі такіх?»

 

Цяжка пра гэта казаць, але асноўная прычына ў тым, што мы ня сталі яшчэ беларусамі, пакуль яшчэ ня сталі, бо не ўсведамляем, што гэта вельмі важна. Гэта асноўная прычына, калі ўсё падсумаваць.

Старшыня ТБМ у Горадні Алесь Крой сам правёў шмат сустрэчаў з бацькамі і настаўнікамі. Ён называе ўсе тыя аб’ектыўныя прычыны, пра якія казалі і ягоныя калегі. Дадае, што ў школах не сустракаў варожага стаўленьня да сябе. І прыходзіць да высновы, што праблема найперш — у грамадзкай сьвядомасьці.

 

Крой: «Цяжка пра гэта казаць, але асноўная прычына ў тым, што мы ня сталі яшчэ беларусамі, пакуль яшчэ ня сталі, бо не ўсьведамляем, што гэта вельмі важна. Гэта асноўная прычына, калі ўсё падсумаваць. А гэта працэс, гэта не нараджаецца за адзін дзень».