У цэнтры – «Трэці сектар»

|

А арганізацыя гэта сапраўды каштоўная і шматбаковая. Сам «Цэнтр «Трэці сектар» узнік у 1997 годзе па ініцыятыве Вітаўта Рудніка і яго калегаў па грамадскай працы.

Адкуль такая назва? Вядома, што у шырокім сэнсе першы сектар – гэта ўлада, закон; другі сектар – гэта бізнэс, а трэці сімвалізуе грамадскія ініцыятывы, грамадскія супольнасці. Нават эмблема арганізацыі – тры стрэлкі.

Сутнасць і мэта арганізацыі – гэта, вядома, быць камусьці карысным. Сябры і дзеячы арганізацыі, па-першае, дапамагаюць людзям у здзяйсненні рознага кшталту іцыятыў. Здараецца так, што людзі хочуць стварыць нейкую арганізацыю, можа нейкі карысны праект, але нават не ведаюць з чаго пачаць. Яны могуць спакойна прыйсці ў «Цэнтр «Трэці сектар» і атрымаць там інфармацыю і падтрымку.

Па-другое, гэта праект ШМЖ, газета і радыё «Твой стыль». Школа маладога журналіста –прафесійная база (навучанне, трэнінгі і, вядома, практыка) для тых людзей, якія хочуць працаваць журналістамі, могуць і любяць шукаць інфармацыю і несці яе людзям. Чаму не? Самае галоўнае – гэта жаданне. У першы год стварэння ШМЖ было два наборы навучэнцаў, потым маладых журналістаў сталі набіраць на адзін год навучання. Праграма навучання заўсёды карэктуецца, удакладняецца, каб зрабіць навучанне больш зручным і карысным. Зараз ШМЖ выпусціла свой 12-ты набор і агульная колькасць выпускнікоў налічвае больш за 200.

Сябрам арганізацыі можа стаць кожны. Большасць сябраў усё ж такі – гэта выпускнікі Школы маладога журналіста. Людзі навучаюцца, а потым разумеюць, што гэта ім цікава, яны застаюцца, кантактуюць, дапамагаюць «Трэцяму сектару» ўвогуле бясплатна. Самі актывісты арганізацыі любяць сваю працу, таму што яна дазваляе развіць іх патэнцыял, бо гэта заўсёды людзі, камунікацыя, сустрэчы, трэнінгі. Адчуваць сябе патрэбным таксама не пусты гук. Сябры арганізацыі развіваюць сябе, а праца дапамагае ім не стаяць на месцы.

>

Я з’яўляюся выпускніцай ШМЖ-12. І ўсе мае калегі па навучанні пагадзяцца са мной, што гэта неацэнны вопыт. На самой справе бясплатныя прафесійныя курсы – такога зараз амаль нельга знайсці. Я навучылася шмат чаму, і сказаць, што нешта мне не падабалася, я не магу. Трэнінгі, настаўнікі, сістэма навучання, практыка – усё было на самым высокім ўзроўні. Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім, хто працаваў з намі, усім, хто меў дачыненне да «Трэцяга сектару» і ШМЖ. Я спадзяюся працягваць сваю працу ў журналістыцы, ШМЖ дапамагла мне зразумець, што шукаць, даведвацца і пісаць – гэта тое, што мне патрэбна ў жыцці!

На фота:

Апошні дзень у ШМЖ

Такая вось падзяка