Грыбнікоў папрасілі не хадзіць у лясы каля Гожы: будуць страляць
Беларускія вайскоўцы і тэхніка пачалі прыбываць ужо з пачатку тыдня.
Вайскоўцы размесцяцца ў палявых лагерах. Прыедуць міністры абароны краін, што ўваходзяць у АДКБ, і назіральнікі з НАТА.
Самі вучэнні пройдуць у перыяд з 20 да 26 верасня, яшчэ 2 тыдні зойме падрыхтоўка да іх.
Таму з 9 па 26 верасня на Гожскім палігоне паблізу пасёлка Крынічнае баявая стральба будзе весціся штодня.
У сувязі з гэтым уводзіцца забарона на наведванне лясоў у гэтым раёне.
У вучэннях задзейнічаюць каля 900 рэзервістаў з Гарадзенскай вобласці.
Яны атрымліваюць форму і рыштунак і выправяцца на палігон разам з салдатамі.
На зборы прызвалі мотастралкоў, артылерыстаў, танкістаў, зенітчыкаў, сувязістаў і мінамётчыкаў.
На першым этапе вучэнняў адпрацуюць кіраванне прымянення рэгіянальнай групоўкі войск Саюзнай дзяржавы, кіраванне ў часе разгортвання, блакіравання раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў, нарошчвання групоўкі ВПС і СПА дзеля выключэння нанясення ўдараў з паветра.
На другім этапе кіраванне войскамі будзе адпрацоўвацца на палігонах.
Вайскоўцы падкрэсліваюць, што вучэнні маюць абарончы характар, які адпавядае палажэнням вайсковых дактрын Беларусі і Расіі.
Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні праводзяцца раз на 2 гады. Апошнія прайшлі ў верасні 2011 года ў Ніжэгародскай вобласці.
Здымак www.ohranka.com