Art Open Air “На Zabore” ў Гродне: сапраўднае вулічнае свята мастацтва
Гэта праект для гарадзенцаў незвычайны і новы. Троху хуліганскі, троху здзіўляючы сваёй лаканічнасцю і прастатой. Сам жа аўтар называе яго “таблеткай ад усяго”. А перш за ўсё ад нашых страхаў.
Кожны з прысутных мог узяць раздрукаваныя копіі чорна-белых карцін і размаляваць іх па свайму густу. Сапраўды, ёсць такі прыём у псіхатэрапеўтаў. Такая своеасаблівая арт-тэрапія разгарнулася на вуліцы.
Размалёўкі можна было забраць сабе ў якасці ўспаміна пра гэты дзень. Хаця некаторыя пакідалі свае вісець творы на вяроўках у, як сказала гаспадыня галерэі, “трэцяй выставачнай зале” – ва ўтульным дворыку ля “Крыгі”. Тут былі прадстаўлена і частка прац Руслана Вашкевіча, якая не трапіла ў асноўную экспазіцыю.
Гарадзенцы з энтузіазмам адгукнуліся на прызыў арганізатараў размаляваць чорна-белыя малюнкі і вось ужо пад дрэвам развярнулася сапраўдная мастацкая майстэрня. Дарослыя ўспомнілі свае дзіцячыя размалёўкі, а дзеці проста ўзяліся за звычайную для іх справу. Але і першыя, і другія, было бачна, атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад працэса.
Было бачна, што гарадзенцы згаладаліся па такіх крэатыўных ды інтэрактыўных арт-падзеях. Здзівіла вялікая колькасць моладзі, якая прыйшла ў “Крыгу”. Многія мінакі з вуліцы Савецкай, пачуўшы музыкі і гул размоваў у браме, зазіралі зусім выпадкова, каб зразумець, што тут адбываецца.
Асабліва цікавым падалося прысутным стварэнне на месцы “копіі” адной з карцін Руслана Вашкевіча. За гэта ўзяліся гарадзенскія мастакі Сяргей Грыневіч, Пётр Янушкевіч і Юры Якавенка. Створанае імі палатно застанецца ў галерэі, як напамін пра падзею.
У гэты ж час ахвотныя маглі навучыцца старажытнаму мастацтву складання фігурак з паперы – арыгамі. Тут нават утварылася чарга жадаючых, але паперы, на шчасце, хапіла на ўсіх. Майстар-клас праходзіў нон-стоп і ў рэшце рэшт усе тыя, хто хацеў скласці нейкую фігурку з паперы, змог гэта зрабіць.
Усе падзелкі і малюнкі можна было забраць сабе, як і фотаздымкі, якія арганізатары павесілі на алычы. Узамен можна было прымацаваць да галінак любыя свае пажаданні ды заўвагі. Вось такая незвычайная “Кніга скаргаў і прапаноў” на атрымалася галінках дрэва. Канешне, наведвальнікі пісалі толькі пазітыўнае і добрае.
Арт-праект разварушыў гарадзенцаў ды цалкам нагадваў сапраўднае еўрапейскае вулічнае свята: тое, чаго акурат не хапае нашаму гораду. Да таго ж, пашанцавала з надвор’ем – ані воблачка на восеньскім небе. Можна сказаць адназначна, што “Адзін Zaborысты дзень”, быў для нашага горада ўнікальным досведам і скарыстаўся вялікім попытам сярод гарадзенцаў.
Здымкі Яна Лялевіча