Гродзенская абласная бібліятэка запрашае на Восьмыя Гарадзенскія чытанні
Загадчыца аддзела краязнаўства бібліятэкі імя Я.Карскага Любоў Турмасава:
– “Літоўская капэла” – вельмі мала даследаваная тэма.
У 1543 годзе ў Гродне з’явіўся адзін з першых у Еўропе аркестровы калектыў, у якім удзельнічалі замежныя і мясцовыя артысты. Капэла дзейнічала да пачатку 17 стагоддзя.
Гэта адзіныя звесткі, якія мы маем.
Гарадзенскія чытанні ладзяцца для ўшанавання юбілейных дат і знакамітых асоб, якія шмат зрабілі для Гродна, таму мы вырашылі сёлетнія чытанні прысвяціць 470-годдзю “Літоўскай капэлы”.
Арганізатары прапануюць удзельнікам тры тэмы да абмеркавання:
– Музычная капэла на Гродзеншчыне: вытокі і развіццё;
– Музычная культура Гродзеншчыны: гісторыя і сучаснасць;
– Развіццё музычнай адукацыі на Гродзеншчыне.
Сярод удзельнікаў – мясцовыя і прыезжыя даследчыкі музычнай культуры, аспіранты, музыкі, студэнты, удзельнікі Гарадзенскай капэлы.
Асабліва цікавымі для гарадзенцаў будуць выступы доктара мастацтвазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта, прафесара Аліны Жураўскай-Віткоўскай (найбольш знанай даследчыцы гісторыі музычнай культуры на нашых землях) і прафесара Беларускай акадэміі музыкі Вольгі Дадзіёмавай.
Чытанні пройдуць у чытальнай зале аддзела перыядычных выданняў бібліятэкі ў Новым замку.
Пачатак у 11 гадзін.
Уваход вольны.