Art Open Air з прысмакам рок-н-рола і японскага кіно

| Без катэгорыі

Пад бесхмарным восеньскім небам ва ўтульным дворыку галерэі “Крыга” адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможца конкурса “На Заборы”. Ім стаў гарадзенскі графік Юры Якавенка (на здымку ніжэй). Яго працы будуць прадстаўляць Гродна на выніковых выставах праекта ў Мінску. Таксама працы мастака патрапяць 24 кастрычніка на забор парку імя Жылібера ў цэнтры Гродна.

Добрым працягам “заборыстага дня”, які плаўна перацякаў у вечар, стаў канцэрт гурта “Beach boogie band”. Некаторыя ўдзельнікі імпрэзы не змаглі стрымацца і ўстроілі танцы пад добра знаёмыя мелодыі рок-н-рола. Канцэрт, які планаваўся на паўгадзіны, расцягнуўся больш чым на гадзіну. Песні гуртоў “Сплін”, “Чайф” і іншых прыцягвалі выпадковых мінакоў з Савецкай вуліцы, якія падыходзілі да танцуючых і здзіўлена пыталі: “А што ў вас тут адбываецца?” Адбывалася сапраўднае вяселле.

“Безумное чаепитие” прыйшлося крых адкласці, але нікога гэта асабліва не засмуціла. У дворыку размясцілі некалькі столікаў, на якіх расставілі садавіну, печыва, нейкія хімічныя жуйкі, кіпень і гарбату. Беларусам толькі дазволь халяву – як па камандзе натоўп рынуўся на ежу. Аднак “вар’яцтва” асаблівага не атрымалася: як толькі ежа скончылася, паўстала доўгая чарга за кіпенем. Тут ужо было больш парадку. Здаецца, вады і гарбаты хапіла ўсім жадаючым.

Сцямнела. Пад фінал “Zaborыстага дня” адбыўся паказ пад адкрытым небам фільма “Ахілес і чарапаха” японскага рэжысёра Такешы Кітана. У дворык галерэі сцяклося яшчэ больш людзей. Крэслаў на ўсіх жадаючых, а сабралося каля 100 чалавек, не хапіла. Таму гледачы размясціліся на зямлі, прыступках і бардзюрах.

Утульную атмасферу падтрымлівалі свечкі ў каляровых пластыкавых кубачках. Неэкалагічна, але ў цемры было даволі прыгожа. На зямлі, сталах, прыступках ззялі чырвоныя, жоўтыя і зялёныя аганькі.

Фільм распавядае гісторыю жыцця таленавітага хлопчыка Мацісу, які з дзяцінства марыў стаць мастаком. Пачынаецца фільм з апорыі грэчыскага філосафа Зянона, які сцвярджаў і даказваў, што хутканогі Ахілес ніколі не дагоніць павольную чарапаху. Нягледзячы на знешнюю прастату, фільм даволі глыбокі, таму ўсім аматарам японскага кінематографа і сучаснага мастацтва варта яго паглядзець.

 

Так і скончыўся “Адзін Zaborысты дзень” у Гродне. З надвор’ем вельмі пашанцавала, і цёплы восеньскі вечар у добрай кампаніі надоўга пакіне яркія ўспаміны ад гарадзенскага Art Open Air.

 

Здымкі аўтаркі