“Захаваем зялёны абярэг Гародні”

|

Пра праграму расказвае Ганна Шарэнда, намесніца дырэктара турыстычнай фірмы “Мерцана”: “Спачатку па горадзе была аглядная экскурсія з рыцарамі з клуба “Гарадзенскі двузуб”, пасля працяг праграмы на сядзібе ў вёсцы Дубінка “Пагасцім у заказніку”. Сама сядзіба ўваходзіць у гэтак званы “Зялёны абярэг Гродна”. Тут гасцей сустраў калектыў “Матуліна песня”. У турыстаў была магчымасць не толькі пачуць песні і ўбачыць танцы, але і самім прыняць удзел: для іх быў арганізаваны майстар-клас па народных танцах”.

Ганна кажа, што мэта турыстычнай дэстынацыі “Зялёны абярэг Гродна” – аб’яднаць дзяржаўны і прыватныя сектары, навучыць працаваць у камандзе турфірмы, сядзібы, мясцовыя ансамблі. Гэта робіцца для таго, каб кожны не працаваў паасобку, але разам.

Першымі ўдзельнікамі новай праграмы стала група з Клецку, турысты з прадпрыемства “Клецкая крыначка”.

 

“Кожны раз, калі я бываю ў Гродне, уражанні вельмі ўзнёслыя і прыемныя. Мне вельмі падабаюцца гарадзенскія экскурсаводы, таму што яны шануюць сваю беларускасць і, як ні ў якім іншым горадзе Беларусі, яны прыгожа размаўляюць па-беларуску. Гэта пакідае самае лепшае ўражанне, – кажа Наталля, дырэктар Клецкага турыстычнага цэнтра. – Тут сапраўды глыбокая і цікавая гісторыя. Я ўжо другі год прывожу экскурсіі ў Гродна: і дзетак, і дарослых, і мне самой цікава сюды прыяджаць, не надакучвае слухаць адно і тое ж.

 

Вось, да прыкладу, гэтая группа – яна ў мінулым годзе прыяджала і ў гэтым зноў прыехала. Чаму яны зноў едуць? Значыць, ім цікава. Сёння мы выйшлі на новы ўзровень знаёмства з горадам. Напрыклад, мы далучаем рыцараў з вашых клубаў – хочацца прынесці людзям нешта новае”.

Арганізатары дэстынацыі кажуць, што час пакажа, ці ўдалося ім аб’яднаць гэтыя намаганні. А пакуль комплекс анімацыі і сядзіб прыйшоўся вельмі даспадобы клецкім працоўным. Танцы і песні на сядзібе сталі прыемным падарункам пасля амаль гадзіннага падарожжа з гораду.

 

Праграма ладзіцца ў рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё” пры падтрымцы ПРААН. У праекце ў Гродне прымаюць удзел дзве турыстычныя фірмы: “Мерцана” і “Топ-Тур”.