Леанід Калядзінскі: Кнігу па археалогіі ўдалося зрабіць толькі ў Гродне

Леанід Уладзіміравіч, як нарадзілася думка выпусціць такую кнігу?


У адрозненне ад закона Архімеда, гэта думка ўзнікла не раптоўна, а выспявала павольна, доўгі час, калі мне даводзілася выкладаць курс археалогіі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка.

 

Я заўважу, што менавіта гэта частка курса, на якую звычайна адводзяць пару-другую гадзін, найбольш прываблівая слухачоў. Чаму? Справа ў тым, што “ўсе наступныя тэмы”, скажам, “каменны век”, “эпоха ранніх металаў”, “матэрыяльная культура ўсходнеславянскага горада Х–ХІІІ стст.”, у большай ці меншай ступені ўжо вядомы студэнтам. Да таго ж, яны, у некаторай меры, дублююцца на паралельных курсах па ўсеагульнай гісторыі і гісторыі Беларусі.

 

Ва ўводнай частцы курса распавядаецца пра археалогію, як пра самастойную па сваіх метадах даследавання навуку, яе сувязь з іншымі, прыродазнаўчымі і дакладнымі навукамі, і што ўласна дае археалогія для рэканструкцыі гістарычнага мінулага.

 

Менавіта гэты раздзел курса найменш вядомы ўчорашняму абітурыенту. Таму я, паступова, год ад года, дапрацоўваў гэты раздзел, дапаўняў яго новымі звесткамі і ілюстрацыямі. Дарэчы, каталізатарам думкі выдаць такую кнігу паслужылі і прапановы маіх калег – выкладчыкаў археалогіі ва ўніверсітэтах абласных цэнтраў, якім я выслаў змест кнігі.


Чаму кніжка выйшла ў Гродне, а не ў Мінску?

 

У Мінску па розных прычынах гэтага не ўдалося зрабіць. І я паклаў рукапіс у шуфляду стала без якой-небудзь надзеі выдаць яе ў бліжэйшым часе. Але, нечакана, з падачы аднаго добрага чалавека, рукапісам зацікавілася выдавецтва “ЮрСаПрынт”, якое спецыялізуецца па выпуску навуковай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Мне прапанавалі выдаць кнігу і я пагадзіўся.


У Вашай кнізе шмат ілюстрацый, яны каляровыя і прывабныя. Чаму так многа ілюстрацый і хто аўтар гэтых фотаздымкаў?

 

Археалогія ў значнай ступені грунтуецца на візуальным успрыняцці фактаў. Таму без ілюстрацый тут няма пра што весці гаворку. Што тычыцца саміх ілюстрацый, дык значную іх частку складаюць мае ўласныя фотаздымкі, якія я рабіў на працягу ўсяго свайго археалагічнага жыцця, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, дзе мне даводзілася быць на археалагічных аб’ектах. Яны паспяхова прайшлі апрабацыю ў студэнцкіх аудыторыях і на археалагічных форумах.

 

Мастацкім выкананнем фотаздымкаў, правільна выбранай экспазіцыі, я абавязаны свайму бацьку – Уладзіміру Іосіфавічу Калядзінскаму, прафесійнаму фатографу. Добры ўнёсак у якасць ілюстрацый зрабіў і прафесійны фатограф Уладзімір Сіз, з якім я супрацоўнічаю больш за трыдцаць гадоў. Да таго ж, у кнізе, я змясціў і некалькі малюнкаў маіх студэнтаў, вынік хатняга задання на тэму “Археалогія ў маім уяўленні”.

align=”middle” alt=”Уводзіны ў археалогію, Леанід Калядзінскі” >

Націсніце, каб паглядзець вокладу ў вялікім памеры


Чым адрозніваецца Ваша кніга ад сугучных па назве выданняў?

 

Па-першае, у ёй у значна большай ступені прысутнічае беларускі матэрыял, у прыватнасці матэрыял маіх уласных даследаванняў. Нададзена ўвага і праблеме захавання археалагічнай спадчыны, якая, на жаль, застаецца актуальнай. Па-другое, я стараўся максімальна адаптаваць тэкст кнігі пад студэнта першакурсніка, па сутнасці ўчарашняга школьніка, зрабіць тэкст кнігі не толькі зразумелым, але і цікавым.


У кнізе месцамі можна заўважыць літаратурна-мастацкі стыль. Гэта сталася выпадкова ці гэта заканамерная з’ява?

 

Літаратурна-мастацкі стыль прысутнічае часам і ў маіх навуковых і навукова-папулярных публікацыях. Гэта, як бы мовіць, мая фішка. Успрымаецца гэта неадназначна сярод маіх калег, але большасць ухваляе такі стыль. Падабаецца гэта і студэнтам.


На каго разлічана вашая кніга – гэта толькі студэнты ці больш шырокая аўдыторыя?

 

Спачатку, і гэта відаць па першых раздзелах кнігі, яна сапраўды адрасавалася толькі студэнтам. Але, па меры яе напісання, я ўсё больш схіляўся да думкі зрабіць яе карыснай і настаўнікам, якія вядуць пазакласную краязнаўчую работу, і музейным работнікам.


На колькі Ваша кніга дапаможа студэнту ў падрыхтоўцы да іспыта па археалогіі?

 

Пра гэта мне было б цікава самому даведацца ад студэнтаў. Спадзяюся, што яны цягам часу выкажуць сваю думку на гэты конт.


Дзе можна набыць Вашу кнігу?

 

Па-першае, у кнігарні “Акадэмкніга”. Па-другое, можна звярнуцца да выдавецтва па email’е algin72mail.ru або па тэлефоне +375152771820 ці +375295878411. Набыць кнігу можна як за наяўныя грошы, так і па безнаяўным разліку.