Пасмяротную кнігу Юрыя Гуменюка прэзентуюць у дзень ягонага нараджэння

|

“Мой нонканфармізм – гэта альтэрнатыва афіцыёзу, сэрвільнасьці, сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры і ўніфікацыі, а не традыцыі. Я нічога не зьбіраюся адмаўляць і разбураць. Мая задача – максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы, не зважаючы ні на што”, – гэтыя словы паэта сталі своеасаблівым эпіграфам да ягонага пасмяротнага зборніка.

 

Сюды ўвайшлі ў тым ліку вершы, якія Юры так і не паспеў прадставіць грамадскасці пры жыцці.

 

Павал Мажэйка, каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі”:

Кніга “Назаві мяне геніем” – гэта своеасаблівы творчы, літаратурны помнік паэту ад сяброў, удзячных прыхільнікаў творчасці, калегаў. Ідэя сабраць пад аной вокладкай усе вядомыя вершы паэта Гумянюка паўстала ў першыя дні пасля смерці Юркі. Укласці кнігу ўзяўся сябра Юры – пісьменнік Алесь Аркуш, на вокладцы – карціна мастака Сяргея Грыневіча”.

 

Творчы калектыў, дзякуючы якому кніга “Назаві мяне геніем” убачыла свет, вырашыў не аддаваць яе ў продаж, а распаўсюджваць за ахвяраванні, якія пойдуць на помнік паэту. Прыдбаць кнігу можна будзе  ў часе прэзентацыі.

Юры Гумянюк трагічна загінуў 19 студзеня 2013 года. Помнік на магіле паэта на гарадзенскіх могілках плануецца паставіць увесну.

 

Вечарына памяці Юрыя Гуменюка пройдзе 24 верасня а 18-ай гадзіне.

Уваход вольны.

 

     
 

З уступу Анатоля Брусевіча да кнігі “Назаві мяне геніем”:



“ГАРАДЗЕНСКІ ДЭМІЮРГ”


Юры Гумянюк – паэт наскрозь гарадзенскі. І ня толькі таму, што вобразна-матыўная парадыгма ягоных твораў увабрала ў сябе гукі, колеры, а нават пахі гэтага непаўторнага эўрапейскага гораду. Усе іньшыя ўзроўні  мастацка-стваральнай  прасторы  гумянюкоўскіх тэкстаў таксама жывуць па літаратурных законах, якія дыктуе Гародня. А дыктуе яна вось што:


1) літаратура – не гульня; 2) літаратура – не вайна; 3) літаратура – ня бізнэс.


Менавіта таму кожны радок, запісаны рукой Гумянюка, голасна сьведчыць, што іх паклікаў зь нябыту не гулец-версіфікатар, не ваяр-ідэёляг, не літаратар-мэнэджар, а дэміюрг.


Так, Юры Гумянюк любіць мяняць маскі, і некаторым гэта можа падацца гульнёй. Аднак гарадзенскі дэміюрг мяняе маскі не дзеля забавы. Перад намі рытуал, абрадавая цырымонія, якая сымбалізуе шматаблічнасьць СЛОВА.

Так, мы можам знайсьці ў спадчыне паэта сьмелыя  вершы,  якія  нібыта  вядуць  бой  з  дзяржаўнай сістэмай,  альбо  варожай  эстэтыкай.  Аднак  удумлівы чытач заўважыць: Юры Гумянюк не ваюе, бо ня служыць жаднай сістэме, жаднай ідэялёгіі. Ён, як сапраўдны гарадзенец, высока па-над імі, быццам па-над ф’ёрдам.