Пачаліся прэзентацыі пятага сезону Універсітэту Залатога Веку

|

Сёлетні набор у праграму актывізацыі сталых людзей, якую рэалізуе грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”, ужо пяты. На 150 месцаў ва УЗВ прэтэндуе больш за 200 гарадзенцаў ва ўзросце ад 55 да 80 гадоў.

 

Вітаўт Руднік, старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар” (на здымку злева):

 

Сёлета да 18 секцый, у якіх займаліся слухачы УЗВ у мінулым годзе, дадаліся яшчэ 6: “Наш радавод”, “Права на кожны дзень”, тэатр, кампутарныя курсы для прасунутых, італійская мова, аднаўляецца “Акадэмія мастацтваў”, а ў секцыі ангельскай мовы з’явіцца яшчэ адна група.


У часе прэзентацый кандыдаты даведаюцца пра ўмовы ўдзелу ў праграме, кірункі працы УЗВ, запоўняць анкеты. Адбіраць удзельнікаў будзем па некалькіх крытэрах: найперш узрост (ад 55 гадоў), высокая матываванасць, вольны час для наведвання заняткаў, аддаем перавагу ахвярам сталінскіх і фашыстскіх рэпрэсій”.


Універсітэт Залатога Веку дзейнічае на прынцыпах самакіравання. Адна з задач арганізатараў – навучыць удзельнікаў праграмы ўзаемадапамозе, зрабіць іх актыўнымі грамадзянамі.

 

Марыя Станіславіч, старшыня рады УЗВ:

 

Хочацца, каб нашы ўдзельнікі былі больш самастойнымі. Нас шмат чаму навучылі, і мы таксама павінны дзяліцца сваімі ведамі, рабіць нешта добрае тым, хто навокал, займацца валанцёрскай працай.


Нядаўна былі з адукацыйным візітам у Польшчы і зразумелі, што нам трэба развіваць узаемадзеянне з людзьмі іншых пакаленняў. Напрыклад, удзельнічаць у акцыях па прыборцы горада, можна стаць “бясплатнай бабуляй” для дзяцей, якія маюць у гэтым патрэбу.


Трэба рабіць усё для таго, каб удзельнікі не толькі бралі, але і аддавалі тым, хто навокал.

Урачыстае адкрыццё праграмы “Універсітэт Залатога Веку” 2013/2014 навучальнага году запланавана на 3 кастрычніка. Заняткі будуць працягвацца да канца красавіка.

 

Гарадзенскі Універсітэт Залатога Веку (УЗВ) быў створаны ў красавіку 2010 г. сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.

 

За гэты час удзел у гэтай Праграме, накіраванай на інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю сталых людзей, узяло больш за 250 чалавек ва ўзросце ад 50 да 85 год.

Акрамя наведвання агульных заняткаў (на тэмы здароўя, гісторыі, культуры і г.д.) і згаданых вышэй секцый, слухачы УЗВ актыўна працуюць на карысць грамадства. Штогод у межах “Школы добрых справаў” імі рэалізуецца некалькі дабрачынных акцый. У 2012-2013 гг. гэта былі збор ахвяраванняў для прытулку для бяздомных жывёлаў, рэчаў для людзей у складаных жыццёвых сітуацыях і г.д.

 

У 2012 г. “Універсітэт Залатога Веку” быў згаданы ў нацыянальнай справаздачы пра выкананне нашай краінай Мадрыдскага міжнароднага плану дзеяняў па праблемах старэння. У сакавіку 2013 г. на базе праграмы УЗВ адбылася буйная міжнародная канферэнцыя па актывізацыі сталых людзей. Удзел у ёй бралі каля 90 спецыялістаў з шасці еўрапейскіх краін.

 

Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць “Універсітэту Залатога Веку” можна атрымаць на сайце uzv.by і на блогу праграмы uzv-hrodna.blogspot.com.

 

Здымкі Яна Лялевіча