Садавод-аматар з Гродна больш за 30 гадоў вырошчвае “агурок-лімон”

|

Пра свае расліны садавод-аматар Станіслаў Маслаў можа расказваць гадзінамі. У яго калекцыі больш за тры дзясяткі гатункаў трапічнай гародніны. Усё, ад пакаёвых таматаў да баклажанаў са смакам грыбоў, пенсіянер вырошчвае на сваіх шасці сотках.

 

 

Станіслаў Маслаў, садавод-аматар:

“Вось, напрыклад, індыйскі агурок, ён адносіцца да ядомых гатункаў лагенарыі. Вага яго, я лічу, нармальная, баюся толькі, каб перакладзіна вытрымала. Яе памерым, і атрымліваецца 83 сантыметры”.

 

У імправізаваных цяпліцах Станіслаў Іванавіч праводзіць увесь вольны час. Экзатычныя расліны патрабуюць да сябе падвышанай увагі. Адныя любяць вільгаць, іншыя сухую глебу, а некаторыя наогул даводзіцца апыляць уручную, бо квітнеюць яны выключна ўначы.

Станіслаў Маслаў:

“Цяжкасць у тым, што няма ў нас насякомых, якія апылялі б лагенарыю. Таму справа працаёмкая, трэба самому апыляць яе, тады завязваецца плод, і праблем няма”.

 

Запал да раслінаводства ў Станіслава Маслава выявіўся больш за 30 гадоў таму. Як толькі атрымаў дачны ўчастак, адразу стаў ставіць на градках эксперыменты. Праз некаторы час звычайныя агуркі і памідоры ўжо не задавальнялі.

 

Станіслаў Маслаў:

“Вырошчваем адно, не задавальняе, трэба іншае. І ўжо з узростам назапашваеш вопыт, цябе больш не цікавяць гэтыя звычайныя расліны”.

 

Даставаць рэдкае насенне гарадзенскаму садаводу-аматару дапамагалі такія ж захопленыя людзі з Расіі, Украіны і Польшчы. З імі пенсіянер пастаянна перапісваецца. Дзякуючы такой кааперацыі на рахунку Станіслава Маслава першае ў Беларусі развядзенне “агуркоў-лімонаў”. Расліна родам з Мексікі, але і ў беларускай зямлі дае нядрэнны ўраджай.

 

Станіслаў Маслаў:

“Пах духмяны, пах агурка, смак агурка, вельмі салодкі, ужываецца як свежым, так і для кансервавання. Хто б ні спрабаваў, усім падабаецца”.

 

У калекцыі Станіслава Іванавіча ёсць не толькі ядомыя, але і дэкаратыўныя расліны. Напрыклад, лагенарыя “Кобра”. З яе вырабляюць, у прыватнасці, посуд. Малако ў такім збанку доўга не кісне, а чай застаецца гарачым. Гэта своеасаблівы прыродны тэрмас.

 

За час сваіх эксперыментаў на градках Станіслаў Маслаў выгадаваў больш за 300 гатункаў экзатычнай гародніны. Сакрэт такога поспеху просты: ніякіх мінеральных угнаенняў. Але і такая ўраджайнасць – не мяжа, запэўнівае садавод-аматар. У планах – заняцца развядзеннем бананаў і ананасаў.

 

Крыніца: Новости «24 часа» на СТВ