Беларусь: Не такі страшны чорт, як его малююць

|

Ніжэй прапануем вашай увазе развалі маладога замежніка пра перавагі жыцця ў Беларусі.

 

     
  Нагадваем, што меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

 

…як паляк, я прызвычаіўся да хлусні, якой у польскіх СМІ нямала

 

Некалькі тыдняў гэта занадта мала, каб іншаземец, завітаўшы з візітам у Беларусь, пабачыў усе моцныя і слабыя бакі гэтай сярэднееўрапейскай краіны. Тым не менш, калі ўвесь свет кажа пра яе выключна кепскае, само адкрыццё праўды пра Беларусь – ужо цікавы турыстычны занятак.

 

У жніўні 2013 я прыехаў у Гродна і з цікавасцю пачаў пазнаваць гэту малавядомую ў свеце краіну і яе жыхароў. Трэба заўважыць, што я паляк, які нарадзіўся і вырас у Варшаве, але ўжо даўно жыву з жонкай і дзецьмі ва усходняй Нямеччыне. Там я вывучаю ў ВНУ рускую мову, а ўмовай заканчэння навучання з’яўляецца 10-тыднёвая моўная практыка ў адной з краін, дзе афіцыйна размаўляюць па-руску. То бок, на выбар я меў Расію, Беларусь або Украіну. З некалькіх прычын я зацікавіўся акурат Беларуссю.

 

Па-першае, як паляк, я даўно прызвычаіўся да рознай хлусні ды паўпраўды, якіх у польскіх СМІ нямала. На перадавай у гэтым сэнсе – Gazeta Wyborcza, якая ўжо шмат год спрабуе зрабіць для палякаў агіднай не толькі ўласную краіну з яе складанай гісторыяй, але таксама спаскудзіць вобраз блізкага суседа – Беларусі.

 

У гэтым дапамагаюць, канешне, іншыя СМІ і недзяржаўныя арганізацыі (напрыклад, Хельсінкскі фонд правоў чалавека) і так паўстае вобраз таталітарнай, беднай, адсталай і няшчаснай Беларусі, якая, быццам бы, найбольш цяпер патрабуе аб’яднання з Еўропай. Гэтаму, у сваю чаргу, замінае прэзідэнт-тыран, якія масава саджае ў турмы нешматлікіх апазіцыянераў.

 

Такой прапагандзе палякі ў большасці вераць, таму нават мая сям’я пра паездку ў Беларусь выказвалася вельмі крытычна.


Беларусы мне асабліва прыйшліся даспадобы


Па-другое, жывучы ў Нямеччыне, я трапіў у поле дзеяння вельмі падобных інфармацый і каментароў на тэму Беларусі з боку нямецкіх медыяў. Гэтыя СМІ служаць палітыкам і іншым нефармальным групам інтарэсаў, гэтаксама як ва ўсім свеце, таму варта было карыстацца імі асцярожна. У любым выпадку, польскі і нямецкі ўрады, як і ўвесь Еўрасаюз, нічога так моцна для Беларусі не жадаюць (афіцыйна), як дэмакратыі, таксама як гэта было ў выпадку ўкраінскай “аранжавай рэвалюцыі”.

 

Па-трэцяе, ва ўніверсітэце я сустрэўся з рускімі, украінцамі і беларусамі. Тады аказалася, што звычайныя погляды палякаў пра людзей, што жывуць на ўсход ад польскай мяжы, падаюцца стэрэатыпнымі і часта беспадстаўнымі. Беларусы мне асабліва прыйшліся даспадобы.

 

Калі я вырашыў паехаць на моўную практыку летам 2013, мне не хацелася ехаць надта далёка ад жонкі і дзяцей, якія затрымаліся ў сваякоў недалёка Сувалак. Таму пад увагу я ўзяў два большыя гарады рэгіёна: Калінінград і Гродна. Расія ў Польшчы агулам лічыцца небяспечнай краінай дзе квітнее карупцыя. У сеціве пішуць нават, што Расія гэта не краіна, а стан свядомасці. Гэта паспрыяла выбару Гродна. Тым больш, сюды можна хутка дабрацца на машыне.

 

Візавы рэжым лічу абгрунтаваным

 

Першай цяжкасцю на шляху ў Беларусь была, вядома, віза. Але паколькі я жыву ў Нямеччыне, візу вырабляў у амбасадзе ў Берліне. Не трэба было нават ехаць асабіста – усё вырашыў з дапамогай пошты. Я лёгка атрымаў шматразовую візу на 30 дзён без запрашэння. Трэба было толькі ўпісаць дадзеныя асобы, у якой я спынюся.

 

Зусім інакш працуе амбасада і консульствы Беларусі ў Польшчы, дзе я хацеў зрабіць чаговую візу. Там усё трэба вырашаць толькі асабіста, а для шматразовай візы патрэбнае запрашэнне. Хаця ў абодвух выпадках я карыстаўся тым самым польскім пашпартам. Добрым адносінам паміж Беларуссю і Польшчай не спрыяе і тое, што беларуская віза не месяц для паляка каштуе столькі ж, як гадавая ў Польшчу для беларуса.

 

З іншага боку, на візавы рэжым для прыязджаючых у Беларусь я гляджу з пэўнай сімпатыяй і лічу яго абгрунтаваным, калі іншыя дзяржавы таксама патрабуюць віз ад грамадзян Беларусі. Я бачу ў гэтым пэўны клопат беларускіх палітыкаў пра нацыянальны гонар сваіх грамадзян. Прыкладам зусім іншай палітыкі – “палітыкі на каленях” – з’яўляюцца візавыя адносіны паміж Польшай і ЗША. Калі коратка: амерыканец уваходзіць калі захоча, паляк мусіць спачатку пагрукацца.

 

Першае добрае ўражанне – ужо на памежным пераходзе

 

Калі я ўязджаў у Беларусь праз памежны пераход у Кузніцы, мяне вельмі ўразіла інфармацыя ля вакенца службоўцаў, што любыя грошы пакінутыя ў дакументах будуць успрымацца як спроба карупцыі. Гэты дробны эпізод даў мне пазітыўнае ўяўленне пра Беларусь як пра краіну, якая хоча рэальна вырашаць свае найбольш істотныя праблемы.

 

Гэтаксама пазітыўна я ўспрыняў новы закон, згодна з якім у п’янога кіроўцы-рэцыдывіста будуць канфіскоўваць аўтамабіль. Не ведаю, як гэта цяпер працуе насамрэч, але наконт карупцыі я пазней даведаўся ад гарадзенцаў, што ў Беларусі яна маецца цалкам добра. Аднак першае добрае ўражанне з памежнага пераходу засталося.

 

Беларусы прыцягнулі мяне сваёй адкрытасцю і цяплом, а таксама тым, што яны не губляюць пачуцця гумару ў кожнай сітуацыі – гэтым яны вядомыя ў Польшчы, варта хаця б узгадаць папулярны анекдот пра цвік у крэсле.

 

Яшчэ да прыезду ў Беларусь, шукаючы дзе спыніцца, я спрабаваў скантактавацца праз email з гарадзенцамі. Большасць з іх мне адказала, некаторыя нечакана запрапанавалі дапамогу таксама ў іншых справах. Цікава, што хаця ў Беларусі афіцыйнае дзвюхмоўе, я сутыкнуўся з тымі, хто альбо не жадаў размаўляць па-руску, або наогул абразіўся на мой рускамоўны email. З часам я зразумеў, што для некаторых гэта мова навязаная савецкім акупантам. У Еўропе такіх людзей часцей за ўсё называюць (з негатыўным адценнем) нацыяналістамі, хаця ўласная беларуская мова гэта для ніх проста выраз асобнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Але гэта меншасць – для рэшты такое змаганне за сімвалічную асобнасць падаецца залішнім.

 

У Польшчы прынята лічыць Беларусь скансэнам, музеем…

 

Польскія карыстальнікі інтэрнэта хваляць чысціню на вуліцах беларускіх гарадоў і бяспеку грамадзян. З гэтымі ацэнкамі я цалкам згодны. На замежных форумах згадваецца таксама някепская якасць беларускіх дарог, хаця безумоўны камфорт падарожжа, напрыклад, на трасе Гродна-Мінск, бярэцца з адносна невялікай колькасці машын. Усё ж, пры тэрыторыі толькі на 1/3 меншай за Польшчу, Беларусь мае ажно ў чатыры разы менш грамадзян. Хаця, дарогі часта кепска абсталяваныя знакамі, часта не хапае намаляваных палос, а грубы асфальт на многіх адрэзках непрыемна шуміць у час язды.

 

Мне падабаюцца беларускія жанчыны на вуліцах гарадоў – апранутыя густоўна, але амаль ніколі не правакацыйна. Для некаторых палякаў старэйшага пакалення від жанчын без моцнага макіяжа, якія ахвотна падкрэсліваюць сваю жаноцкасць адпаведнай вопраткай, напрыклад сукенкай, гэта ўжо мінулае, па якім можна толькі таскаваць.

 

У Польшчы прынята лічыць Беларусь скансэнам, музеем, дапатопнай і адсталай дзяржавай, куды заходнееўрапейская цывілізацыя не можа дабрацца. Як чалавек, што вырас у Польшчы, а ўжо шмат год жыве ў найбагацейшай і найбольш развітай краіне Еўропы, я хачу беларусаў пацешыць – прыналежнасць да еўрапейскіх “вышэйшых сфер”, тыпу Еўрасаюза, у доўгай перспектыве прыносіць больш кепскага, чым добрага.

 

Прыкладам няхай будзе змаганне з хрысціянскімі каранямі і натуральным правам (распаўсюджванне абортаў ці эўтаназіі), маральны рэлятывізм (гамасексуалізм як раўнавартасная арыентацыя, зніканне розніцы паміж жанчынамі і мужчынамі) ці ўсюдыісная эротыка, якія ў Еўропе – нармальная штодзённасць. Азнаямленне з гэтымі “вынаходніцтвамі” пачынаецца ў заходніх краінах рана, у Нямеччыне ўжо ў пачатковай школе – гэта безумоўна не дапамагае бацькам, якія хочуць выхаваць дзяцей па-хрысціянску.

 

Прыманне як нормы гомасексуальных саюзаў гэта ў Еўропе крытэрый “талерантнасці”, якая ўсё больш займае месца “нармальнасці”. Падаецца, што “талерантнасць” у адносінах да такіх саюзаў, афіцыйныя шлюбы і грамадская згода на публічныя гомасексуальныя паводзіны яшчэ не хутка стануць рэальнасцю ў краінах былога СССР, і ў Беларусі ў прыватнасці. З гэтага, напэўна, трэба цешыцца.

 

Палітычная хітрасць беларускіх улад

 

Зувязі з Захадам, у тым з ЕС, для многіх новых дзяржаў-членаў азначаюць таксама прыстасаванне ўласнага заканадаўства да супольнага права ЕС, а ў прынцыпе гэта часта азначае прыманне саюзных законаў цалкам. Усё радзей гэта згаджаецца з каштоўнасцямі, якія блізкія гэтым краінам (прыклад: націск на Славакію ці Андору пасля таго, як яны выпусцілі манеты з хрысціянскімі матывамі). У гэтым сэнсе Беларусь здольная быць самастойнай, нават нягледзячы на эканамічную залежнасць ад нашмат большага суседа. Падаецца, што акурат дзякуючы палітычнай хітрасці беларускіх улад, дзяржава дагэтуль не сталася часткай якога-небудзь большага палітычнага арганізму і ўмела балансуе паміж усходам і захадам для ўласнай карысці.

 

Кошт паліва ў Беларусі (0,67€ за літр 95-га ў Беларусі супраць 1,30€ ў Польшчы ці 1,60€ ў Нямеччыне) гэта цудоўны прыклад уплыву палітычнай эфектыўнасці на эканоміку. Вядома, што ў аснове гэтага адноснага дабрабыту стаяць замежныя крэдыты. Аднак пра такую запазычанасць, якую мае Беларусь у пераліку на кожнага жыхара, Польша можа толькі марыць (беларуская запазычанасць з разліку на кожнага жыхара гэта менш за 40% польскай запазычанасці).

 

Беларусь мае шмат плюсаў

 

Яшчэ да таго, як я ўпершыню прыехаў у Беларусь, але ўжо пазнаёміўшыся з досведам іншых людзей, што былі ў Беларусі і цяпер змагаюцца з міфамі пра яе, мне прыйшла ў галаву ідэя, каб спантанна пераехаць з сям’ёй жыць менавіта сюды. Прыцягальнай мне падавалася некранутая прырода, фінансавая дапамога дзяржавы для шматдзетных сем’яў, напрыклад, праз дапамогу ў выплаце крэдыту на пакупку дома ў аграгарадку – тым большую, чым больш дзяцей у сям’і.

 

Для мяне важна жыць у краіне, дзе я выхаваю дзяцей згодна са сваімі поглядамі, а не так, як гэтага хоча дзяржава. У гэтым сэнсе ў Нямеччыне сітуацыя ўсё горш і горш – дзяржава дапамагае грашыма, але дзяцей спрабуе выхоўваць (чытай – псаваць) па-свойму. Польшча павольна, але непазбежна, ідзе ў тым самым кірунку.

 

Таму Беларусь мае шмат плюсаў. Аднак тутэйшыя кошты ў крамах, візавы рэжым ці немагчымасць выкарыстання ў звычайных сітуацыях замежных валют, гэта прычыны, якія яшчэ нейкі час устрымаюць мяне ад пераезду ў Беларусь.

 

Фота , panoramio.com