У пошуках сэнсу жыцця ўраджэнец Ашмян стварае радавод усяго раёна

Працягваючы працу над уласным радаводам, стаў вывучаць і лёсы сямей суседзяў — так і атрымалася, што Юрша даследуе генеалогію многіх родаў былога Ашмянскага павета…

Ён прызнаўся, што гісторыя — гэта адзін з двух кітоў, на якіх трымаецца яго жыццё, хоць па адукацыі ён інжынер-сістэматэхнік. І сапраўды, каб заняцца вывучэннем і стварэннем радаводу, у Васіля Юршы была вельмі сур’ёзная матывацыя…

 

У 2000 годзе гэты чалавек перанёс складаную аперацыю. Урачы не маглі паставіць дыягназ, а ў яго адымаліся ногі, былі моцныя начныя болі. З’явіліся думкі, што надышоў час паміраць (і гэта ў 44 гады), а нічога яшчэ быццам не зрабіў… Урэшце праблему выявілі, яго прааперыравалі. У гэты ж час памёр бацька, што таксама стала моцным ударам для Васіля Юршы.

 

Ён узгадвае:

Мой тата вельмі імкнуўся падтрымліваць роднасныя сувязі. Калі я яшчэ быў малым, ён мяне заўсёды браў з сабой і мы ездзілі да сваякоў у вёскі. Але калі я пытаўся, што гэта за родныя, ён не мог патлумачыць — радня і радня, а якая, па кім — не ведаў.

Калі стаў папраўляцца, зразумеў, што мае патрэбу штосьці зрабіць, каб сабраць разам, сістэматызаваць усе звесткі пра сваю радню.

 

Пачаў дасылаць лісты і працаваць у архівах:

— Спачатку даследаваў радаводы ўласнай сям’і, знайшоў вывадную справу сваіх родных у літоўскім архіве. Аказалася, яны падавалі на дваранства ў 1819 годзе. Віленскі дваранскі дэпутацкі сход прызнаў старажытнасць нашага шляхецкага роду. Аднак усе дакументы пасля гэтага ішлі ў Пецярбург на разгляд сената па герольдыі.

А там у тыя часы праводзілася палітыка, накіраваная на абмежаванне колькасці шляхты. Бо ў Вялікім Княстве Літоўскім было каля 10% шляхты, а ў Расійскай Імперыі дваранства — толькі каля 2%.

 

Матывуючы адсутнасцю на той момант уласнага фальварка, прыгонных сялян, нашай сям’і адмовілі, як і дзясяткам тысяч іншых шляхціцаў. Яны былі пераведзены спачатку ў разрад аднадворцаў, а пасля паўстання 1863 года — у разрад сялян.

Памяць паступова сціралася. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўзгадваць пра сваё паходжанне было страшна і небяспечна.

Людзі забыліся. Зараз, калі падысці на вуліцы да чалавека, вам яшчэ могуць назваць бабулю, дзядулю, а вось прадзядулю і прабабулю, кім яны былі, — наўрад ці.

 

Тады ж Юрша пачаў пісаць вершы. Ён расказвае, што мае вялізную колькасць праглядаў у інтэрнэце, піша кароткія філасофска-гумарыстычныя творы, аднак сам сябе называе «сумным клоўнам».

Юрша кажа, што цяпер жыве на гэтых двух палюсах: калі стамляецца ад гісторыі, пераходзіць на паэзію, калі стамляецца ад паэзіі, пераходзіць да гісторыі (хаця мае ён і ўласны бізнес). «Гэтыя дзве батарэйкі мяне і сілкуюць», — кажа ён і вяртаецца да аповеду пра свой радавод:

—Па дакументах я высветліў, што ў 1650 х гадах мой прапрапра… дзед Ян Сымон Скірмант-Юрша за слаўныя дзеянні атрымаў зямлю ў Ашмянскім павеце і «пабудаваў фартэцыю (крэпасць), Юршаны званую». Відавочна, што назва Юршаны ўтворана ад прозвішча Юрша.

Гэта як Гольша — Гальшаны, Лукша — Лукшаны, Рукша — Рукшаны — існавала такая традыцыя, калі большасць вёсак называлі па прозвішчы ўладальнікаў ці заснавальнікаў. У 1800 х гадах мае продкі пераехалі пад Салечнікі Віленскага павета. Праз 30 год яны вярнуліся, аднак Юршаны засталіся па лініі іншага родзіча, у якога былі толькі дочкі, — прозвішча змянілася. А мае продкі, вярнуўшыся, сталі жыць у суседняй вёсцы. З памяці сцёрлася, чаму Юршаны маюць такую назву. Сёння ў гэтай вёсцы толькі два дамы.

Калі прыязджаеш туды, пытаешся, чаму Юршаны, — ніхто не ведае. І толькі з дакументаў вынікае, калі і чаму ўсё пачалося.

 

Займацца гэтымі даследаваннямі Васілю Юршу было надзвычай цікава, бо ён адшукаў некаторыя судовыя матэрыялы. У мінскім архіве на вуліцы Крапоткіна захаваліся дакументы ашмянскіх судоў — гарадскога і земскага. Дзякуючы ім удалося развеяць некаторыя гістарычныя міфы, зразумець, чым сапраўды жылі людзі ў тыя або іншыя часы.

У архівах вельмі шмат інфармацыі, бо шляхта варагавала, сварылася, часта мела зямельныя спрэчкі. І ўсе гэтыя сведчанні даволі добра захаваліся, нягледзячы на тое, што ў 1830 я гады ў Ашмянах быў пажар і частка архіва загінула. Аднак існуюць ускосныя рэестры, у якіх змяшчаюцца згадкі пра пэўныя справы, што маглі знікнуць.

 

Ёсць чалавек, які з’яўляецца для Юршы вялікім аўтарытэтам, — гэта Чэслаў Янкоўскі. Ён нарадзіўся на 100 гадоў раней за яго, у 1856 годзе, і жыў у Палянах пад Ашмянамі.

Янкоўскі стварыў 4 томную кнігу «Ашмянскі павет». Падчас працы над ёй аўтар ездзіў па вёсках, сустракаўся з уладальнікамі маёнткаў, даследаваў іх асабістыя архівы, выпісваў гісторыю роду. Пасля шматлікіх войнаў — Першай сусветнай, Грамадзянскай, Другой сусветнай — многія архівы загінулі, а ўсё, што было сабрана і выдадзена ў кнізе, засталося.

Таму праца Янкоўскага з’яўляецца прызнанай гістарычнай крыніцай.

Гэта кніга натхніла Юршу на асабістыя пошукі. Ён тлумачыць, чаму выбар, куды прыкласці свае намаганні, паў менавіта на генеалогію:

 

Мяне хваляваў сэнс жыцця. Мне было незразумела, напрыклад, чаму паміраюць малыя або ненароджаныя дзеці, чаму сыходзяць добрыя людзі. Бо, калі ў іншы свет заўчасна адпраўляецца пэўны злодзей, можна думаць, што хтосьці яго пакараў.

І каб зразумець сэнс жыцця, я паспрабаваў знайсці адказ, займаючыся гісторыяй родаў. Часта падавалася, што набліжаешся да яе — вось-вось — адгадка блізка. Аднак яна ўвесь час некуды сплывала… Як матэматык, я паспрабаваў падысці да вялікіх лічбаў — не на прыкладзе аднаго жыцця спрабаваць зразумець «Для чаго ён?» (гэта вельмі складана), — а прааналізаваць сотні і тысячы біяграфій. Я размаўляў са знакамітымі, старымі людзьмі, каб даведацца, што яны пра гэта думаюць. Аказалася, многія нічога не думаюць, проста жывуць, не ставячы перад сабой задачы адказаць на такое пытанне.

Многія кажуць, што жывуць дзеля дзяцей. Калі пытаешся: «А дзеці навошта?» — адказваюць, што дзеці — дзеля сваіх дзяцей. Атрымліваецца, пытанне проста адкладваецца на пасля…

Узнікала такое рашэнне: хтосьці з гэтага ланцужка «выстраліць». Як Аляксандр Македонскі, як Чэслаў Янкоўскі, — да іх і пасля іх усе былі звычайнымі, а яны здолелі зрабіць моцны прарыў…

Другое, што мяне хвалявала: усе надзвычай шмат ведаюць пра знакамітых людзей і нічога не ведаюць пра простых. Праходзіць час, і людзі абсалютна сціраюцца з памяці і гісторыі, нават на могілках слядоў не застаецца. Дык няўжо яны былі не патрэбны?! Я ўнутрана пратэставаў супраць гэтага.

Працуючы і збіраючы інфармацыю ў архівах, я спрабаваў вярнуць памяць пра кожнага. Калі я пра іх штосьці ведаю, значыць, ужо аднаму чалавеку яны патрэбныя. Калі яшчэ хтосьці прачытае — некалькі будзе іх ведаць і яны не знікнуць бясследна.


Працуючы з архівамі, Юрша ўбачыў, што сямейныя спрэчкі былі заўсёды. Нават родныя браты і сёстры часта судзіліся паміж сабой. Напрыклад, бацька адпісаў дочкам пасаг, а сыну фальварак, які і павінен быў выплаціць усё пасля яго смерці. Аднак маглі здарыцца пэўныя цяжкасці (напрыклад, неўраджай) і брат не мог аддаць усяго ў тыя тэрміны, якія хацелася сёстрам. Узнікала такая спрэчка, яны выклікалі роднага чалавека ў суд пазывам.

Дарэчы, пазывы раней былі вельмі распаўсюджанымі — гэта абазначае, што на чалавека падавалі скаргу, пасля якой ён рабіў усё магчымае, каб неяк улагодзіць сварку і не давесці справу да суда. І сапраўды, спрэчкі пасля пазыву часта вырашаліся мірам.

 

Васіль Юрша адзначыў, што, займаючыся генеалогіяй, немагчыма не вывучаць гербы.

Ён нават пачаў ствараць уласную калекцыю. Спачатку сваімі рукамі, пасля з дапамогай тэрмадруку ён вырабіў каля 50 гербоў.

Цяпер атрымлівае асалоду ад іх выяў у сваёй кватэры. Але імкнецца знаёміць з імі і грамадскасць.

Часам выстаўляе калекцыю ў Ашмянскім музеі, у мясцовых школах, ездзіць на фестывалі сярэднявечнай культуры, але, заўважае Васіль Юрша, хоць публіка на такіх сустрэчах падрыхтаваная, не вельмі шмат людзей разумее, што гэта і для чаго, — і яшчэ менш ведае свой герб.