Гарадзенскі студэнт адсядзеў пяць гадоў за злачынства, якога не было
Аляксандр быў асуджаны ў 2007 годзе на 8 гадоў пазбаўлення волі за незаконнае захоўванне і продаж наркотыкаў. Як даказала пазней следства, справа была цалкам сфальсіфікаваная старшым оперупаўнаважаным групы наркакантролю Гарадзенскай транспартнай міліцыі Аляксандрам Траўковым. Акрамя Жарліцына, Траўкоў пасадзіў тады яшчэ трох маладзёнаў. Пасля чаго з капітана зрабіўся маёрам.
Незаконна асуджаны:
“Нашай міліцыі больш не веру, нават баюся іх. Мне стала страшна жыць у Беларусі. Тут невядома што можа з табою здарыцца. Як будзе магчымасць, з’еду. Але найперш хачу дабіцца справядлівасці”, – кажа 26-гадовы гарадзенец Аляксандр Жарліцын, які правёў за кратамі амаль пяць гадоў за злачынства, якога не ўчыняў.
“Калі раней я лічыў, што чалавек у пагонах сапраўды іх заслужыў, і яму можна і трэба верыць, то цяпер я нават часам шарахаюся, калі міліцыянты да мяне звяртаюцца з нечым, – дадае Аляксандр. – Баюся. З’ехаць у іншую краіну, дзе нічога і нікога не ведаеш… складана, канечне… Але гэта было б прасцей, я думаю, чым перажыць пяць гадоў турэмнага зняволення”.
Аляксандру Жарліцыну было 19 гадоў, калі яго асудзілі. Хлопец вучыўся на другім курсе Гарадзенскага аграрнага ўніверсітэту і працаваў у прыватнай фірме. З наркотыкамі, са словаў самога Аляксандра, не быў звязаны. Але, відаць, не пашчасціла яму апынуцца не ў тым месцы і не ў той час – якраз там, дзе праводзіў свае аператыўна-вышуковыя захады капітан Траўкоў.
У ходзе гэтых вышукаў, як вынікае з матэрыялаў следства, “закупнікі” з ведама Траўкова падкідалі наркотыкі пацярпелым і выстаўлялі іх прадаўцамі.
Пратаколы фальсіфікаваліся, падстаўныя сведкі ды панятыя дапаўнялі карціну, і ў выніку ў хлопцаў амаль не заставалася шанцаў абараніцца.
Дамагліся перагляду справы пацярпелыя ад дзеянняў Траўкова Раман Шушлебін і Аляксандр Антановіч. Яны сваімі скаргамі звярнулі ўрэшце ўвагу на незаконны прысуд.
На пачатку 2012 года з Аляксандра Жарліцына знялі ўсе абвінавачанні.
Цяпер у Гарадзенскім ваенным міжгарнізонным судзе вядуцца слуханні ў справе маёра міліцыі, старшага оперупаўнаважанага ўпраўлення наркантролю УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Траўкова, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
План на злачынствы
“Думаю, што ўсё гэта з-за імкнення выканаць план, пастаўлены зверху, – Аляксандр спрабуе зразумець, навошта міліцыя падстаўляе невінаватых людзей. – У тых, хто ніжэй, патрабуюць лічбаў, і яны, не знаходзячы злачынстваў, самі ствараюць гэтыя сітуацыі”.
Гэтак жа мяркуе і старшы следчы ў адстаўцы Андрэй С.: “У нас і ў міліцыі, як з трактарамі, якіх прадаць не могуць, але ўсё роўна робяць больш і больш. Гэтак жа і тут. Калі сёлета раскрылі сто злачынстваў, то ў наступным трэба яшчэ больш”.
У матэрыялах крымінальнай справы ў дачыненні маёра Траўкова пазначана, што ён сфальсіфікаваў абвінавачанні “дзеля фіктыўнага паляпшэння паказчыкаў сваёй працы”. Справаздача Гарадзенскага аддзелу ўнутраных справаў на транспарце ад 6 ліпеня 2012 года кажа, што ў 2006 годзе Траўкоў атрымаў дзве вымовы і паніжэнне надбаўкі да заробку за дрэнную раскрывальнасць злачынстваў. Што мела вынік: ужо ў 2007 годзе раскрывальнасць рэзка пайшла ўверх. Коштам загубленых гадоў жыцця невінаватых людзей.
align=”” alt=”Image 34943″ >
Кошт пяці гадоў жыцця – $ 10 000
Пасля вызвалення Аляксандр патрабаваў кампенсацыі за маральныя і матэрыяльныя страты. Пазоў за маральныя страты суд задаволіў, ацаніўшы пяць гадоў жыцця за кратамі на Br 90 млн.
У кампенсацыі матэрыяльных стратаў суд адмовіў, да таго ж – без права абскарджання. “Усе гэтыя гады я мог працаваць, зарабляць грошы, – кажа Аляксандр. – Я запытваў кампенсацыю зыходзячы з сярэдняга заробку ў Беларусі на той час. Але суд адмовіў, бо я тады не быў афіцыйна працаўладкаваны. Яны так сказалі: адкуль мы ведаем, што гэтыя пяць гадоў ты ўвогуле працаваў бы?”
Былы старшы следчы Андрэй С. лічыць выплату, што атрымаў Аляксандр, кпінам: “90 мільёнаў за пяць гадоў у турме – гэта здзек, пасмяяліся проста. У прававой дзяржаве ён атрымаў бы мільёны долараў”.
Былы следчы: сістэма аховы правапарадку ў Беларусі – гнілая
На думку следчага ў адстаўцы Андрэя С., гэтая гарадзенская сітуацыя чарговы раз паказвае, наколькі прагнілі беларускія органы аховы правапарадку.
“У справе ад самага пачатку было вельмі слаба з доказнаю базаю, бракавала фактаў, усё на голых словах. Дзіўна выглядае, што адзін і той жа суд, Ленінскага раёну Горадні, у 2007 годзе асуджае, а праз пяць гадоў – апраўдвае. Яшчэ ў 2007 годзе мусілі старанна дапытаць сведкаў і панятых. Але сістэма настолькі гнілая, што ў такіх выпадках аператыўнік заўсёды ведае, што затрыманых асудзяць, і не мае значэння – ці ёсць доказы, ці іх няма”.
Асобна Андрэй С. адзначае праблему кваліфікаванасці кадраў у міліцыі, адкуль, на меркаванне эксперта, сёння сыходзяць найбольш адукаваныя і дасведчаныя. Таксама былы следчы звяртае ўвагу на татальную залежнасць беларускай міліцыі ды судоў. “Гэтая сістэма даўно заточваецца пад аднаго канкрэтнага чалавека. Суд у Беларусі паводле прэзумпцыі невінаватасці ўжо даўно не працуе. Можа, да 2006 года яшчэ працаваў, а цяпер – калі чалавека затрымалі, то ён адназначна вінаваты, і абараніцца ў такіх умовах цяжка”, –зрабіў выснову эксперт.
Аляксандр: Найбольш крыўдна за згубленыя гады
“Забралі амаль пяць гадоў жыцця, проста так, ні за што, – абураецца маладзён. – Мне было 19 гадоў, я вучыўся, меў наперадзе шмат перспектываў. Хацеў займацца сельскаю гаспадаркаю, мне гэта падабалася. У мяне была каханая дзяўчына, і сёння я б ужо мог сваіх дзяцей у першы клас весці…”
Як цяпер далей будаваць жыццё, Аляксандр яшчэ не вызначыўся: “Сельскаю гаспадаркаю дакладна займацца не буду. Адседзеўшы за продаж марыхуаны, калі займуся фермерствам, напрыклад, то зноў буду пад прыцэлам органаў. Сельская гаспадарка ў гэтай краіне для мяне закрытая. І не таму, што мне не дазволяць, а таму, што я ўжо баюся”.
Аляксандр баіцца правакацыяў з боку міліцыі, але пакуль ідзе судовае разбіральніцтва, застанецца ў Горадні.
“Пасля вызвалення каля дому мяне сустракалі нейкія людзі ды папярэджвалі, каб я не казаў лішняга супраць Траўкова. Я баюся, што яны могуць нешта зрабіць. Але я хачу, каб Траўкова пакаралі, і пакуль гэтага не здарыцца, я застануся тут і буду дамагацца справядлівасці”.