Гродна-Беласток: блізкія і аддаленыя перспектывы супрацоўніцтва

|

Разгрузіць доўгія чэргі на беларуска-польскай мяжы дапаможа мадэрнізацыя памежных пераходаў, пра неабходнасць якой заявіў генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня.

 

Для паскарэння працэдуры пераходу мяжы польскі бок з 1 кастрычніка ўводзіць на пераходах у Кузніцы і Баброўніках асобныя палосы для тых, хто хоча вярнуць Tax Free.

 

З беларускага боку ў Брузгах і Бераставіцы плануецца пабудаваць два лагістычныя цэнтры, якія дазволяць разгрузіць мяжу.

 

Польскія бізнесоўцы ініцыююць таксама стварэнне ў Беластоку і Гродне транспамежных бізнес-цэнтраў, якія б дазволілі пашырыць кантакты паміж дзелавымі людзьмі. Такая ідэя была агучана прэзідэнтам Падляшскага клуба бізнэсу Лехам Ежы Пілецкім.

 

У сваю чаргу, кіраўнік польскага бюро еўрарэгіёна “Нёман” (у гэтую трансгранічную структуру ўваходзіць і Гарадзеншчына) Цэзары Цеслюкоўскі паведаміў пра гатоўнасць польскага боку да сумесных з гарадзенцамі праектаў у галіне гаспадаркі і бізнеса, культуры, турызму, аховы навакольнага асяроддзя, разбудовы памежнай інфраструктуры.

 

Рабіць гэта магчыма ў тым ліку у межах праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Польшча-Беларусь-Украіна”.

 

Сп. Цеслюкоўскі праінфармаваў таксама ўдзельнікаў форума, што ў 2014 г. у Польшчы будзе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю з дня нараджэння і 10-годдзю смерці ўраджэнца Гарадзеншчыны, славутага польскага музыканта і кампазітара Чэслава Немана.

 

Магчымасці для супрацы маглі б быць значна большымі, калі б не напружанасць у палітычных кантактах паміж Мінскам і Варшавай.

 

Польскі бок не аднойчы рабіў гучныя заявы адносна фактаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, ціску на польскую меншасць у нашай краіне. Беларускі бок усё гэта абвяргае, вінавацячы польскі ўрад у спробах умяшальніцтва ва ўнутраныя справы нашай краіны.

 

Усё гэта наўпрост адбіваецца на звычайных беларусах і паляках, якія вымушаныя губляць час у чэргах на мяжы, праўдамі і няпраўдамі здабываць візы

 

Некалькі год таму было падрыхтаванае пагадненне пра малы памежны рух, які дазволіў бы жыхарам прыгранічных мясцовасцяў з беларускага і польскага боку перасякаць мяжу ў спрошчаным рэжыме. Беларускі бок, аднак, да гэтага часу канчаткова не ратыфікаваў дамову. 

 

На здымку: беларуска-польская супраца пакуль мае хутчэй “выставачны” характар

 

Фота Яна Лялевіча