Танцавальны праект “Дом” паказалі ў Гродне
28 верасня адбыўся апошні спектакль у Шчучыне – і дзеці вярнуліся ў дзіцячы дом да звычайнага рытму жыцця, а танцоўшчыкі будуць працягваць рэалізацыю праекта ў іншай краіне.
Спектакль
Дзясяты выступ – у Гродне. Халодная зала драмтэатра амаль поўная. Настойлівая просьба выключыць гук мабільных тэлефонаў і не здымаць спектакль на фота- ці відэакамеры. Гэта каб захаваць атмасферу і не збіваць дзяцей, бо тады яны саромеюцца і закрываюцца.
У цішыні, сярод скрынь-дэкарацый зараджаецца рух, якога робіцца ўсё больш. Глядач спрабуе ўцяміць, што адбываецца. Артысты адзін за адным пачынаюць апавядаць і выяўляць праз цела свае “дамашнія” гісторыі. Гісторыі сумныя, пра адчуванні адзіноты, адсутнасць дому, пошукі свайго месца, бяспекі. Цярпенне чалавека на сцэне раскрываецца праз штуршкі цела, якія складваюцца ў танец. У зрэжысэраванай пастаноўцы застаецца значнае месца імправізацыі, асабістым пачуццям людзей, якія граюць сябе, пытанням, якія хочацца задаць менавіта зараз.
– Ты ведаеш, у якім узросце людзі становяцца дарослымі?
– Ты любіш, калі ў доме шмат святла?
– Што ты адчуваеш, калі застаешся дома адна?
– Ты любіш, калі табе задаюць пытанні?
Найбольш гучна і дынамічна праходзіць дыскатэка. Танцоўшчыкі “адрываюцца” ўпоўні, адчуўшы свабоду.
Нарэшце, кожны абмяжоўвае на падлозе тэрыторыю свайго дома скотчам. Домікамі становяцца скрыні. Гутарка ў доміках-скрынях ідзе пра “скрыначкі”: як сёння зарабіць на “скрыначку”, які парадак завесці ў чарговай “скрыначцы”, як людзі жывуць без “скрыначак”…
Пошук дома, пабудова дома, сімвалы дома прысутнічаюць напрацягу ўсяго спектакля. У маўклівай фінальнай сцэне танцоўшчыкі і дзеці руйнуюць сцяну паміж сабой, праходзячы скрозь яе.
Дыскусія
Пасля перформанса жадаючыя засталіся на дыскусію, артысты, малодшыя нароўні са старэйшымі, былі ахвотныя адказаць на пытанні. Як правіла, тыя ж пытанні паўтараюцца ў розных залах.
Што будзе з дзецьмі пасля праекта? Яны вярнуцца ў дзіцячы дом да сваёй штодзённасці? Міжнародная каманда праекта будзе падтрымліваць з імі сувязь, як і з дзецьмі з Малдовы і Украіны, дзе праект прайшоў раней. Кантакт будзе пераважна праз інтэрнэт: дзецям дапамогуць планшэты, якія яны атрымалі ў падарунак за ўдзел у праеце.
Што адчуваюць дзеці ў канцы праекта, перад вяртаннем у дзіцячы дом? Дзеці маўчаць, а дарослыя просяць не трывожыць балючае месца.
Ці адчуваюць дзеці сябе дома ў дзіцячым доме? Вераніка адказала “не”, бо да іх там ставяцца зверху ўніз, а ў танцавальнай групе – нароўні.
Чаму дарослыя навучыліся ў дзяцей? Заставацца аптымістамі негледзячы на няпростыя жыццёвыя сітуацыі.
Рэжысёр Бэна Ворхам расказаў, што дзеці змяніліся за час сумеснай працы – сталі больш давяраць, адважна выказвацца, задаваць выжныя для іх пытанні. Ён адзначыў, што група складаецца з танцоўшчыкаў, а не псіхолагаў. Але тое, што яны зрабілі, гэта проста слухалі адзін аднаго, слухалі дзяцей. На думку Бэна, слухаць – вельмі проста і нічога не каштуе, а вынікі могуць быць надзвычайнымі. Праект ладзіўся і для таго, каб паказаць, што дзецям-сіротам можна дапамагчы ў іх жыцці, падтрымаць іх у сталенні.