АўтаГродна зладзілі флэшмоб на выездзе з горада: жарсці кіроўцаў скончыліся танцамі

|

Акцыя была прыдумана з мэтай паказаць здэнэрваваным кіроўцам канструктыўны спосаб вырашаць спрэчкі на дарозе. Прэс-сакратар партала Autogrodno.by Міхаіл Кунцэвіч распавёў, што сёлета ў сеціве можна пабачыць шмат канфліктных ролікаў пра непаразуменне кіроўцаў. А нядаўна і сам Міхаіл апынуўся ў непрыемнай сітуацыі. Яго каманда разам з балетам Яўгена Якуша вырашыла паказаць, што насамрэч часта да канфлікту даходзіць нават не ў аварыйных сітуацыях, а з-за празмерных амбіцый і раздражнёнасці ўдзельнікаў руху.

Міхаіл мяркуе, што вырашыць мноства падобных сітуацый можна з дапамогай гумару. Арганізатары разумеюць, што наўрадці раззлаваныя кіроўцы будуць разам танчыць, аднак яны спадзяюцца, што такая метафарычная інсцэніроўка паспрыяе спакойнаму выхаду са спрэчных сітуацый.

Першапачаткова флэш-моб было запланавана праводзіць на скрыжаванні ў раёне аўтавакзала, дзе яго магло б пабачыць шмат людзей. Аднак планы змяніліся з-за незадаволенасці карыстальнікаў інтэрнэта, якія перажывалі, што 15-хвілінная акцыя паралізуе горад. Таму арганізатары разам з ДАІ вырашылі ўвасобіць задумку на павароце ў Панямунь, каб не замінаць дарожнаму руху. Міхаіл Кунцэвіч спадзяецца, што падзея будзе мець свой уплыў на гарадзенцаў хаця б праз інтэрнэт-ролік, які запісалі падчас акцыі.

 

Здымкі Вольгі Мілавай