Гродна ўпрыгожаць каменнымі скульпутрамі

|

Пленэр быў прысвечаны жывапісу, тэатру і музыцы. Тэатральная тэматыка ахоплівае скульптуры Аляксандра Батвінёнка (Мінск) “Дама з лірай і маскай”, Уладзіміра Ламейкі (Салігорск) “Пятрушка з лялечнага тэатру”, Карнея Аляксеева (Магілёў) “Арфей і Эўрыдзіка”.

Уладзімір Піпін з Мінска падвергнуў камень “музычнай” апрацоўцы. Вынікам яго працы стала “Гараднічанка”, ці “гарадзенская мелодыя” ў выглядзе дзяўчыны. Ігар Засімовіч з Мінска паквапіўся вывесці “Формулу прасторы”. Аднак для завяршэння яго скульптуры ў выглядзе спіралі неабходна яшчэ апрацоўка агнём, каб ачысціць і ўмацаваць камень.

Гарадзенец Уладзімір Панцялееў, які адчуваў сябе гаспадаром месца, зрабіў адразу дзве скульптуры – камень для пацалункаў у выглядзе пярсцёнка і твор з выявамі Каложскай царквы.

Працы перададзеныя ў аддзел ідэалагічнай работы гарвыканкама. Як расказаў Аляксандр Вярсоцкі, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама, скульптуры паставяць у месцах адпачынку гарадзенцаў – у парках, ля тэатраў і музеяў. Пакуль канкрэтныя месцы не вызначаныя.

Арганізатары паведамілі, што падобныя пленэры плануецца праводзіць рэгулярна. Папярэдні пленэр скульптараў па камяні праводзіўся ў Гродне ажно 25 год таму, у 1988 годзе. Гэта быў першы ў Беларусі такі пленэр.