“У вас надзвычайны попыт на шэнгенскія візы, і тут узнікае праблема”

Пра адносін паміж Беларуссю і ЕС

 

“Я б не сказаў, што Беларусь спрабуе наноў наладзіць адносіны з Еўрасаюзам – гэта двухбаковы рух. Але тут ёсць праблемы каштоўнасцяў, у тым, як мы разумеем гэта супрацоўніцтва, як бы мы хацелі супрацоўнічаць.

 

У нас прапаноў для беларускага боку шмат, але пытанне ў тым, колькі беларускі бок зможа ўспрыняць. Я тут тры гады ўжо працую, але так і не заўважыў ніякіх істотных зрухаў у гэтым накірунку”.

 

Пра спрашчэнне візавага рэжыму

 

“Прапанова аб аблягчэнні візавага рэжыму і дамова аб рэадмісіі ляжаць на стале ў беларускіх улад ужо два гады. Мы ў Еўрасаюзе спрабуем рабіць усё, каб мяжа была празрыстая, каб яна не перашкаджала, а спрыяла супрацоўніцтву. Адсюль і наша прапанова наконт лібералізацыі візавага рэжыму, зніжэння кошту віз да 35 еўра. З Украінай усё гэта працуе. У гэтым жа пакеце – прапанова задзейнічаць малы памежны рух.

 

Якая палітыка на гэты конт беларускіх уладаў – не мне яе ацэньваць. Вы, беларускія грамадзяне, павінны гэтую палітыку ацэньваць. Маю адно – свае прапановы на гэты конт мы перадалі летам 2011 года і да гэтага часу не маем на іх адказу. Не ведаю, чаму”.

 

Пра праблемы з электроннай рэгістрацыяй

 

“Электронная рэгістрацыя аблягчае працу — можна хутчэй апрацаваць візавыя анкеты. Праблема ў тым, што калі ёсць вялізны попыт, то заўсёды знойдуцца ўмельцы, якія захочуць на гэтым зарабіць. Адсюль узяліся і тыя скрыпты, аўтаматычнае запаўненне анкеты. Мы спрабуем з гэтым змагацца, а гэта – ціхі фронт. Мы нешта прапануем – яны праз пэўны час ізноў вяртаюцца ў гульню. Мы думаем, каб змяніць правілы гульні: магчыма, будзем рабіць call-цэнтры. Некалькі месяцаў таму іспанцы адкрылі такі — паглядзім на яго працу, можа скарыстаемся вопытам”.

 

Пра апрацоўку візавых анкет

 

“Цэнтр тэхнічнай апрацоўкі віз знаходзіцца ў Варшаве і ўсе візы ідуць праз Варшаву. У нас працуюць толькі консулы, якія вырашаюць – даць чалавеку візу ці не.

 

У Варшаве працуюць выбітныя спецыялісты, якія пастаянна думаюць пра ўдасканальванне сістэмы. Але калі знаходзяцца ўмельцы, якія ломяць коды ў Пентагоне, што здзіўляцца, што гэта здараецца з нашай сістэмай!

 

Мы робім усё, каб зняць праблему з электроннай рэгістрацыяй. Але калі зрабіць паспешныя крокі, то можна і нашкодзіць. Трэба некалькі месяцаў пачакаць”.

 

Пра зацікаўленасць супрацоўнікаў консульства ў існаванні праблем з рэгістрацыяй

 

“Гэта ўвогуле немагчыма! У нас ёсць розныя кантрольныя органы. Летась у лістападзе ў нас была праверка з кантрольнай палаты Польшчы, якая не знайшла тут нічога. Мы пад пастаянным кантролем, і тут складана было б нешта зрабіць супрацьзаконнае”.

 

Пра попыт на візы сярод беларусаў

 

“Беларусь з’яўляецца чэмпіёнам свету па колькасці шэнгенскіх віз – у вас 7-8% насельніцтва мае такія візы. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у Расіі, і ў тры разы больш, чым ва Украіне. У вас надзвычайны попыт на шэнгенскія візы, і тут узнікае праблема”.

 

Пра Беларусь і Усходняе Партнёрства

 

“Месца Беларусі ў гэтай ініцыятыве асаблівае. Усе астатнія партнёры маюць нейкія пагадненні з ЕС, а Беларусь не мае ніякага! Паглядзіце: з Украінай, Грузіяй, Малдовай мы ўжо размаўляем пра Дамову аб асацыяцыі – пра паглыбленую зону свабоднага гандлю. А з Беларуссю мы не можам нават увесці ў дзеянне такія простыя рэчы, як малы памежны рух ці аблегчаны візавы рэжым.

 

Гэта першыя крокі, якія трэба зрабіць, а ў нас нават у гэтым праблемы. Беларусь сярод усіх астатніх партнёраў – у самым канцы і не выкарыстоўвае тых магчымасцяў, што ёсць. У нас нават з Расіяй ёсць “Партнёрства для мадэрнізацыі”, а з Беларуссю нічога не атрымліваецца! У адносінах з Беларуссю мы губляем час і мне сёння складана казаць, што ўяўляе Усходняе партнёрства для Беларусі”.

 

Пра тое, што губляе Беларусь

 

“Калі б было жаданне супрацоўнічаць, то вы б за 35, а то і за 20 еўра атрымлівалі візы. А журналісты і пэўныя іншыя групы грамадзян іх і ўвогуле атрымлівалі б бясплатна. А зоны свабоднага гандлю ўплываюць на ўсю эканоміку. Гэта – гуманны штуршок для ўсёй эканомікі, каб яна хутчэй мадэрнізавалася, мяняла агульнае аблічча. Без гэта вы будзеце сыравінным дадаткам таго ж Еўрасаюза, пастаўшчыком таннай працоўнай сілы”.

 

Пра чэргі на мяжы

 

“Інфраструктура на мяжы не такая ўжо дрэнная. Зараз мы працуем над пешаходным пераходам “Пясчатка” – мы там рамонт ужо зрабілі і зараз будуць яго рабіць беларусы са свайго боку, каб значна павялічыць прапускную магчымасць.

 

Але ёсць штучныя перашкоды: з нашага боку – розныя “італьянскія страйкі”, у вас таксама не да канца ўсё працуе. Часам пераход нагадвае бутэльку – з аднаго боку добры пад’езд, а з другога – як рыльца, вузкі.

 

Ёсць такі інструмент, як польска-беларуская ўрадавая камісія па транспамежным супрацоўніцтве. Я прапаную, каб камісія сустрэлася і пагаварыла – ёсць праблемы прававыя. Амаль на ўсіх нашых памежных пераходах ёсць масты. Каб іх рамантаваць, неабходна мець адпаведныя прававыя пагадненні. У нас ёсць пагадненні на гэты конт ад 1960-х гадоў, якія мы з Савецкім Саюзам падпісвалі – з вашай краінай мы нічога не падпісалі. І гэта перашкаджае дамовіцца: хто за што на гэтых мастах адказвае, якую частку рамонту будзеце вы аплачваць, якую мы – каб усё паводле закону было. Я зараз спрабую актывізаваць працу гэтай камісіі. І тады будзем гаварыць пра тое, як палепшыць абстаноўку на мяжы”.