Чалавек са сваім голасам. Прэзентацыя новай кнігі Ірыны Шатыронак
Сваю новую кнігу аўтар адрасуе школьным выкладчыкам літаратуры, філолагам, бібліятэчным работнікам, студэнтам і ўсім аматарам сучаснай літаратуры.
Прэзентацыя адбудзецца ў зале “Мастацтва” Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Пачатак у 17.00.
Ірына Шатыронак – журналіст паводле адукацыі, гарадзенскі празаік, публіцыст, сябра СПБ. У сваёй творчасці закранае розныя тэмы, у тым ліку нацыянальнай культуры і гісторыі. Вядомая чытачам і па публікацыях у “Гродзенскай праўдзе”, і на незалежным Беларускім літаратурным партале.
Год таму творчасць пісьменніцы стала тэмай трохгадзіннага абмеркавання на пасяджэнні Рады Гродзенскага аддзялення праўладнага “Саюза пісьменнікаў Беларусі”.
Выступоўцы абвінавачвалі сп.Шатыронак ў тым, што “сваімі публікацыямі яна стварае ўражанне аб тым, што ў Гродзенскім аддзяленні СПБ няма адзінства, існуе негатыўная творчая атмасфера“. Артыкулы І.Шатыронак “з’яўляюцца без папярэдняга абмеркавання ў аддзяленні праблем, якія ў іх узнімаюцца“. Гэтыя артыкулы “поўныя злога крытыканства, агулам хаяць усю сучасную правінцыйную літаратуру” і г.д.
Большасцю галасоў Рада прызнала “дэструктыўную дзейнасць І.Шатыронак неспрыяльнай для адзінства аддзялення, накіраванай на яго раскол, стварэнне нятворчай атмасферы” і прыняла рашэнне хадайнічаць аб выключэнні пісьменніцы з шэрагаў арганізацыі.
Здымак litkritika.by