У Гродне загінулі два сябры: падрабязнасці трагедыі

4 кастрычніка на заводзе «БелТАПАЗ» у Гродне загінулі два сябры. Адзін выпадкова раз’ехаў другога на МАЗе, а пасля ў роспачы зарэзаў сябе.

Цяпер становяцца вядомымі падрабязнасці трагедыі.

 

«Гэта сапраўды былі найлепшыя сябры, — расказаў «Нашай Ніве» адзін з работнікаў завода. — А ў той дзень адбылося вось што. Ім уручылі граматы за выкананую працу. І яны вырашылі адзначыць гэта на заводзе.

Адзін, прабачце, пайшоў у туалет, а другі тым часам пагнаў у гараж МАЗ. І наехаў на сябра, а пасля ў шокавым стане зарэзаў сябе».

 

– Паведамлялася, што мужчына ў роспачы закрычаў, што не даруе сабе смерць сябра. Гэта сапраўды так?

 

«Так, было такое. Спачатку ён на машыне хацеў сябе забіць: урэзацца ў які-небудзь цэх. Але ключы здолелі ў яго забраць, а нож не паспелі».

 

«Падчас агляду месца здарэння, устанаўлення і апытання відавочцаў, правядзення іншых следчых дзеянняў, следчыя, эксперты-крыміналісты і супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што кіроўца аўтамабіля МАЗ 1957 года нараджэння здзейсніў наезд на кіроўцу 1968 года нараджэння, у выніку чаго той ад атрыманых траўм памёр на месцы.

Пасля здарэння кіроўца МАЗа скончыў жыццё самагубствам у кабіне аўтамашыны: нанёс сабе нажавое раннне грудной клеткі», — паведаміў прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

 

Па яго словах, праверка яшчэ праводзіцца. Прызначаны шэраг экспертыз.