“Ходзяць у асноўным турысты-замежнікі. Гарадзенцаў няшмат”

|

Падыходзячы да невысокай камяніцы на вул. Лермантава мы бачым драўляныя колы, купу старой цэглы з надпісамі, камяні, марскі якар, таямнічыя дэталі… і нарэшце гаспадара, які прыводзіць гэты хаос у парадак.

 

“Чэсць, – падае руку сівабароды мужчына з закатанымі да локця рукавамі, – акурат чышчу станок свайго дзеда. Ён скончыў рамесніцкае вучылішча пры цары, ну і пасля быў як “залатая ручка” – і каваў у кузні, і бляханы рабіў для малака ды інш. Чытай!”

Пасля зачысткі рэштак фарбы ды іржы на станку сапраўды праяўляюцца літары: “Язерскій и Яновскій в Гроднѣ” – наўрадці такі агрэгат ёсць нават у гісторыка-археалагічным музеі!

Акрамя шыльды з сучаснай назвай вуліцы, на доме ёсць яшчэ адна, старая, унутр якой устаўлялася падсветка, каб уначы можна було разабраць надпіс.


“Гэтая вуліца называлася Базыліянская – ад ордэну ўніяцкіх манахаў-базыліянаў, якім належыла каложская царква і манастыр. Зараз аб гэтым стараюцца забыць…”

Шыльда з міжваеннай крамы гродзенскіх чаравікаў

 

Сям’я Парулісаў – стэнд з выставы Spiritus Loci

 

Пан Януш запрашае ўсярэдзіну. Стэрэатыпы пра звычайны музей тут не працуюць… Кожную рэч можна ўзяь у рукі ды пачуць яе гісторыю з вуснаў уладальніка. Вось, напрыклад, драўляная талерка, якую выразаў пасля вайны палонны немец і мяняў у мясцовых на ежу. Гэта – кавалкі Берлінскага муру, які Паруліс на працягу двух месяцаў разбіваў і прадаваў турыстам у далёкім 1989-м. А гэта – апаленая дошка з алтарнай часткі Фарнага касцёла…


“Калі здарыўся пажар, я прыслужваў касцельным у Катэдры і пасля здарэння вынес гэтыя дзве дошкі. Я не веру ў тое, што пажар здарыўся сам па сабе, алтар падпалілі… Вазьмі дошку ў руку, цяжкая, не?”

Пры ўваходзе, забыўся сказаць, стаіць вялікі адміралцэйскі якар – нядаўні здабытак Януша, былога марака. Раней, маўляў, сумаваў за морам, нават выразаў сабе драўляны. Але падфарціла і мара збылася!


“Бачыш партрэт? Гэта я, марачок, – пасміхаецца гаспадар, так падобны да іншага марака – Хэмінгуэя, – прозвішча Паруліс грэцкае, мае продкі сюды прывандравалі. Хіба кроў дала аб сабе ведаць – хадзіў па моры ды падарожнічаю ўсё жыццё.”

Адзінае, чаго мабыць не хапае ў музеі – сістэмнасці. Усё на купу. Побач ляжаць старыя гарадзенскія паштоўкі, слоікі з даваеннай парфумай (якая не страціла пах!), кнігі, ноты, біноклі, фотаапараты, язычніцкія амулеты…


“…Гэтыя балцкія амулеты і ўпрыгожванні яшчэ дахрысціянскіх часоў я неяк прыдбаў у ваколіцах Калінінграда, дзе бываў як служыў на моры. Асушалі возера, а дзеці іх пазбіралі, мабыць, на дне, прапанавалі купіць. Я і купіў.”

Перадваенная скрыначка для цукерак

 

Дарэвалюцыйныя гарадзенскія фота

 

Вялікая частка экспанатаў патрапіла да Януша менавіта такім шляхам. За савецкім часам людзі мала пераймаліся прадметамі даўніны і тыя часцей за ўсё траплялі на сметнік альбо аддаваліся за смешныя грошы. Акурат з гэтага шэрагу – гісторыя са старажытным навершам драўлянага крэдэнсу, аздобленага разной галавой аленя (на здымку ніжэй).

“На пачатку 80-х я неяк ехаў у бок Бераставіцы па справах. Бачу – у мужыка на падворку стаіць старажытны крэдэнс. Спыняцца не стаў, думаў, заеду на зваротным шляху. Дык за гэты час ён яго парубіў на дровы! Наверша толькі і засталося…”

 

Сам дом, у якім знаходзіцца музей, мог бы лічыцца мемарыяльным: пэўны час перад вайной у ім жыў Станіслаў Жыўна, пасля вайны – Аляксей Карпюк, пазней ужо яшчэ малавядомы Чэслаў Неман грукаў у вакно, каб… прадаць гітару, бо не было грошай.

Савецкія меню гарадзенскіх рэстаранаў

Адна палова дому зараз належыць музею, у іншай – працягваюць жыць людзі. Сам будынак патрабуе рамонту ды і экспанаты ўсе змясціць не ў стане: экскурсанты ходзяць па вузкай сцежачцы паміж разнымі камодамі, этажэркамі, патыфонамі ды гнутымі венскімі крэсламі.


“У нас па тэлебачанні прынята казаць аб развіцці турызму, дапамозе, – распавядае Януш, праводзячы нас да брамы, – а дзе гэтая дапамога? Турысты ходзяць, але ў асноўным замежнікі, гарадзенцы – слаба. Бо не ведаюць: ніхто нават з рэкламай не дапаможа!”

Шыльда перад вайной вісела на доме солтыса ў Ласосне

 

Адыходзячы разумею, што вярнуся сюды яшчэ не раз. А калі захочаце і вы – гаспадар заўжды рады гасцям і чакае на вул. Лермантава, 25 (альбо – Базыліянскай). Глядзіце жоўты значак на мапе ніжэй.

Здымкі Яна Лялевіча