Вячаслаў Швед: “Пакатацца на карабліку – гэта яшчэ не турызм”

Выгаднае геаграфічнае становішча на мяжы Беларусі, Польшчы і Літвы, наяўнасць розных турыстычных рэсурсаў, высокая канцэнтрацыя помнікаў гісторыі і культуры, якія могуць быць прывабнымі турыстычнымі аб’ектамі… Усё гэта робіць Гродзенскую вобласць адным з найбольш перспектыўных рэгіёнаў для развіцця турызму. Аднак, як і ў іншых галінах эканомікі, тут таксама не абыходзіцца без “падводных камянёў”.

 

Вячаслаў Вітальевіч, якія асноўныя праблемы ў турыстычнай галіне стаяць сёння перад Гарадзеншчынай?

 

Турызм з’яўляецца адной з важнейшых сфер сучаснай эканомікі. Аднак у гэтай галіне, як і ўсюды, таксама ёсць пэўныя праблемы. У першую чаргу гэта недастаткова развітая інфраструктура. Часам элементарна нельга знайсці сродкі транспарта, аб’екты харчавання і размяшчэння турыстаў.

 

Часта з прычыны нядбайнасці мясцовых уладаў знікаюць аб’екты турызму. Так, напрыклад, пасля рэканструкцыі старой Савецкай плошчы ў Гродне знікла яе гістарычная каштоўнасць. Таксама праводзіцца будоўля ў гістарычным цэнтры горада. Адчуваецца недахоп анімацыйных праграм падчас тураў.

 

Адсутнасць рэкламы – яшчэ адна з актуальных праблем. Мясцовыя туры і экскурсіі рэкламуюцца вельмі слаба, а стаўка ў турыстычных прадпрыемствах робіцца на продаж пуцёвак у замежжа. Сюды можна аднесці і недахоп даведачнай інфармацыі. Мала публікуецца краязнаўчай літаратуры… Праблем па-ранейшаму хапае.

 

На вашу думку, што пера­шкаджае замежніку выбраць Гарадзеншчыну месцам дзелавога, актыўнага, рэлігійнага ці транзітнага турызму?

 

Гарадзенскі рэгіён мяжуе з Польшчай, Літвой, і гэта вялікі козыр для разнастайнага турызму. Але, на жаль, занадта многа бар’ераў існуе, якія перашкаджаюць літоўцу ці паляку свабодна наведаць Беларусь.

 

Відавочна, што турызму не спрыяе доўгае чаканне на мяжы, візавае афармленне, абавязковая рэгістрацыя ў міліцыі, калі замежнік звыш пяці дзён знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Да таго ж нашы патэнцыйныя наведнікі ў сваіх краінах не вельмі добра інфармаваныя аб турах, экскурсіях, мастацкіх, навуковых, спартыўных атракцыях у Гродне і наогул у Беларусі.

 

Няма сумненняў, што Гара­дзенскаму рэгіёну ёсць чым пахваліцца і што паказаць. На вашу думку, якія туры па Гара­дзеншчыне і другіх рэгіёнах Беларусі могуць прыцягнуць еўрапейскага турыста?

 

Згодны, еўрапейскаму турысту ёсць што паказаць у нашым рэгіёне і ў Беларусі ўвогуле – рэсурсаў хапае. Нашых суседзяў напэўна цікавіць сумесная гісторыка-культурная спадчына, якая спрыяе развіццю культурнага турызму. Турыстаў з далёкага замежжа прыцягвае прыроднае асяроддзе Беларусі, а гэта, у сваю чаргу, зялёная дарога для развіцця сельскага турызму.

 

У нас многія вузы праводзяць навуковыя канферэнцыі, на якія запрашаюцца навукоўцы з-за мяжы, а гэта ёсць навуковы турызм. Свабодная эканамічная зона садзейнічае дзелавому турызму. Толькі трэба ўрэшце вырашыць тыя праблемы, пра якія мы гаварылі вышэй.

 

Як вы лічыце, турыстычны патэнцыял фестывалю нацыянальных культур у Гродне ўжо вычарпаны ці ёсць магчымасць зрабіць яго па-сапраўднаму вядомым у Еўропе?

 

Калі ўдасканаліць праграму фестывалю, дык ён сапраўды мог бы стаць адной з турыстычных фішак рэгіёна, бо, як вядома, Гродна заўсёды быў горадам шматэтнічным.

 

Магчыма, ад чагосьці трэба было б адмовіцца, напрыклад ад шэсця нацыянальных суполак, а нешта паглыбіць (нацыянальная кухня, спевы і танцы, касцюмы), таксама дабавіць нацыянальныя анімацыйныя праграмы, напрыклад, на гістарычныя тэмы, больш гульняў і забаў, конкурсаў сярод гледачоў з нацыянальнымі прызамі, больш сувеніраў, памятак. 

 

Атрымліваецца, што правя­дзенне фестывалей можа быць адным з самых эфектыўных метадаў рэкламы турыстычнага патэнцыялу Гарадзенскага рэгіёна…

 

Так, на маю думку, фестываль можа стаць візітнай карткай турыстычнага Гродна, гэта сапраўдная падзея. Але трэба шмат намаганняў, каб турысты з замежжа гаварылі: трэба ехаць у Гродна, таму што там ёсць такі файны фестываль, ім можна пабавіцца. Тут трэба нават думаць асобна, як і чым прывабліваць розных турыстаў – дзяцей, моладзь, старэйшае пакаленне. Таму што ў розных узроставых груп розныя інтарэсы.

 

Наколькі, на ваш погляд, развіццё турызму стрымлівае адсутнасць турыстычнага брэнда?

 

Несумненна, стрымлівае. Цяпер, дарэчы, стараюцца знайсці нейкі брэнд не толькі ў турызме, а і ў іншых галінах эканомікі. Рэклама заўсёды была моцным рухавіком. Калі лагатып нейкага брэнда размешчаны, напрыклад, на кубку для гарбаты ці кавы, на торбе ці яшчэ недзе, то гэта ўжо прыцягвае ўвагу, ужо стварае нейкую глебу для цікаўнасці – нехта можа зацікавіцца і прыехаць.

 

Так што брэнд – гэта адназначна добра, бо як паказала гісторыя эканомікі розных іншых еўрапейскіх краін, сваю функцыю брэнд выконвае, пэўную ролю ў пашырэнні кліентуры турыстычных фірм таксама адыгрывае.

 

На ваш погляд, што магло б стаць такім брэндам у Гродне ці Гродзенскай вобласці?

 

Безумоўна, нельга пакідаць па-за ўвагай Аўгустоўскі канал, таму што гэта канал трох народаў. Ён ужо выкарыстоўваецца ў міжнародных кантактах Беларусі, Польшчы і Літвы – напрыклад, праводзяцца фес­тывалі польска-беларуска-лі­тоў­скай песні, таму, думаю, ён мог бы з лёгкасцю прыцягнуць мноства турыстаў з гэтых краін. І, дарэчы, ужо пакрыху прыцягвае.

 

Дык што перашкаджае гэтай атракцыі стаць турыстычнай пярлінай рэгіёна, а можа, і ўсёй Беларусі?

 

На сённяшні дзень шмат хто жадае актыўна правесці там час, пакатацца на тых самых лодках, паглядзець на шлюзаванне, пабыць на экскурсіі, пасядзець у цікавай рэстарацыі, пакаштаваць нацыянальных страў, пераначаваць у добрым гатэлі. Аднак з-за нізкага ўзроўню мясцовай інфраструктуры, з-за арганізацыйных недахопаў зрабіць усё гэта цяжка. Турыстам трэба прапанаваць больш анімацыйных праграм, больш цікавых мерапрыемстваў і, зразумела, добрую інфраструктуру з еўрапейскім сервісам.

 

Нельга, каб было так, што турыст прыехаў і не ведае, чым заняцца. Дарэчы, проста пакатацца на карабліку па Аўгустоўскім канале – гэта яшчэ не турызм, а толькi баўленне вольнага часу!

 

У такім выпадку, лагічнае пытанне: ці ёсць шанец у Аўгустоўскага канала стаць такім жа запатрабаваным, як і яго польская частка?

 

Канал адрэстаўравалі, і, шчыра кажучы, ён трохі згубіў сваю ідэнтычнасць. Аднак ён ёсць, і яго трэба выкарыстаць на ўсе 100%! Але сёння ён выкарыстоўваецца ў значна меншай ступені. Чаму? Таму што інфраструктура не развіваецца, таму што і фірмы не працуюць над тым, каб не толькі на параходзіку павазіць турыстаў, а нешта ім яшчэ паказаць, расказаць і тым самым прывабіць. Карацей, яшчэ трэба працаваць.

 

Міжнародны праект, які тычыўся Аўгус­тоўскага канала і ў якім я некалі ўдзельнічаў, даўно скончыўся. Зрабілі многа цікавага, напрыклад роварныя дарожкі. Аднак ці многа турыстаў на роварах з Літвы ці Польшчы там можна ўбачыць? Зрабілі канатную дарогу, дзе можна палазіць і атрымаць крыху адрэналіну – таксама цікава. Але праблема – не чуваць рэкламы. Ніхто не кліча, каб народ ехаў бавіцца на гэтай канатнай дарозе, ніхто не запрашае на роварную прагулку. Хаця, думаю, тая ж гарадзенская моладзь замест таго, каб сядзець на Савецкай плошчы і піць піва, з задавальненнем паехала б на канал.

 

Напэўна, вы ведаеце аб такім паняцці, як “кластар”. Ці развіты гэты накірунак у межах Гродзенскай вобласці, і калі не, то што перашкаджае паўнавартаснаму развіццю?

 

Турыстычныя кластары будуць развівацца, але пакуль у нас яны не вельмі распаўсюджаны. Кластар – гэта калі некалькі зацікаўленых у развіцці турызму галін злучаюцца ў адзінае цэлае: сельская гаспадарка, аграфірма, сядзіба, транспартная арганізацыя, турыстычныя кампаніі. Яны злучаюцца для таго, каб прадаць выніковы турыстычны прадукт і атрымаць прыбытак. Пры такім раскладзе, напрыклад, аграсядзіба прымае, размяшчае турыстаў, харчаванне бярэ ў суседа, які развівае фермерскую гаспадарку, турыстычная фірма праводзіць экскурсіі, а транспартная – дастаўляе турыстаў на гэтыя экскурсіі. Усе ў гэтым зацікаўлены, усе апякуюцца гэтымі турыстамі, толькі каб ім было добра.

 

Аднак над гэтым у нас яшчэ трэба працаваць. Ні адзін студэнт пакуль не напісаў дыпломную працу на дадзеную тэму, а гэта азначае, што накірунак не развіты. Пра гэта, дарэчы, амаль не пішуць у прэсе. Усё знаходзіцца толькі на пачатковым узроўні, аднак мае добрую перспектыву. Таму трэба думаць над гэтым і працаваць.

 

У якім кірунку, на ваш погляд, трэба развіваць беларускі турызм?

 

У розных. Трэба больш актыўна і энергічна развіваць тыя ж кластары. Магчыма, ствараць турыстычна-вытворчыя карпарацыі, дзе будуць не толькі прадаваць пуцёўкі ў цёплыя краіны, але і займацца ўнутраным турызмам, прыёмам турыстаў з-за мяжы. Сёння прыём дае мала прыбытку альбо не дае ўвогуле, а вось ра­зам, у такой кампаніі, быў бы прыбытак. Так што трэба развіваць розныя накірункі і розныя сегменты, тады гэта прынясе добры плён.

 

У працяг таго, што ўжо казаў вышэй, можна дабавіць яшчэ і сумесныя турыстычныя арганізацыі. Напрыклад, у Гродне ёсць людзі, якія распаўсюджваюць байдаркі на Аўгустоўскім канале. Наколькі я ведаю, яны супрацоўнічаюць з палякамі, аднак гэта толькі супрацоўніцтва. Магчыма, трэба стварыць польска-беларускую сумесную кампанію, якая той самы Аўгустоўскі канал выкарыстае на 101%? Польшча ў гэтым накірунку больш развіваецца. Дык чаму нам гэта не выкарыстаць?

 

Як заахвоціць бізнес хутчэй развіваць інфраструктуру ў рэгіёне?

 

Безумоўна, падтрымоўваць прыватную ініцыятыву трэба. Мала ў каго з прадпрымальнікаў знойдуцца вялікія пачатковыя капіталы для таго, каб увайсці ў тую ж свабодную турыстычную зону і пабудаваць, напрыклад, у раёне Аўгустоўскага канала домік, дзе можна будзе прымаць гасцей.

 

Да того ж трэба ўлічваць, што зарабляць тут, па сутнасці, можна толькі ў высокі турыстычны сезон, бо ў другую пару мала хто паедзе. Атрымоўваецца, што грошы ўкладзеш, а прыбытку не атрымаеш. Значыць, трэба прыдумаць схему, па якой вызваляць прадпрымальнікаў ад падаткаў. Напрыклад, у міжсезонне. Тады і прадпрымальнікі будуць у плюсе, і дзяржава ў рэшце рэшт атрымае падаткі. І, канешне, трэба максімальна спрасціць бюракратычныя працэдуры.

 

Стаўку на турыстаў з якіх краін робіць зараз Гарадзеншчына і чаму?

 

У першую чаргу гэта краіны-суседкі, з якімі ёсць агульная гістарычная і культурная спадчына. Нашым турпрадуктам можна зацікавіць палякаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў, рускіх. Трэба проста добра разлічыць, як гэтага замежніка да нас прыцягнуць.

 

І не трэба думаць, што толькі мы ездзім за мяжу, каб нешта набыць, пабавіцца шопінгам. Не раз назіраў карціну, калі тыя ж літоўцы з задавальненнем набывалі розныя тавары ў нашай краме. Шмат што для іх і танна, і якасна, тыя ж малочныя прадукты, айчынная касметыка, а для нас гэта – дадатковая валюта.

 

Зразумела, што працы яшчэ шмат і ёсць над чым працаваць. Аднак турыстычны накірунак увесь час развіваецца, не стаіць на месцы. Якія станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці турыстычнай галіны Гродна і вобласці вы маглі б адзначыць?

 

Так, да гэтага часу мы гаварылі аб праблемах. Аднак шмат чаго і зроблена. Рэканструяваны некаторыя помнікі гісторыі і культуры, у планах – рэканструкцыя Старога замка, Барысаглебскай царквы. Ідзе рэстаўрацыя вуліц, плошчаў горада, распрацоўваюцца розныя анімацыйныя праграмы, прывабныя для ўнутранага і замежнага турызму турыстычныя маршруты, памалу, але ж развіваецца інфраструктура.

 

Адрамантаваны некаторыя гатэлі, будуюцца новыя. Публікуецца даведачная літаратура па гісторыі культуры Гродна, турыстычныя фірмы час ад часу праводзяць нарады па развіцці турызму, універсітэт імя Купалы праводзіць канферэнцыі па пытаннях турызму. Звярнулі ўвагу на Румлёўскі парк, які можа быць прывабным прыродным рэсурсам. Пашыраецца аўтобусны парк турыстычных фірм.

 

Усё гэта, безумоўна, дасць добрыя вынікі. На месцы нічога не стаіць, але відавочна, што турызм патрабуе большых намаганняў ад прыватнага бізнесу, грамадскіх арганізацый, больш руплівай працы гарадской і абласной улады. Усё патрабуе паглыблення сваёй дзейнасці, бо пакуль гэта праводзіцца не ў тым аб’ёме, каб дасягнуць яркіх вынікаў.

 

Вячаслаў Вітальевіч, можа, вы хочаце звярнуць увагу на яшчэ якія-небудзь важныя аспекты ў турызме Гарадзенскага рэгіёну і ў цэлым – у развіцці рэгіянальнага турызму Беларусі?

 

Турызм у Беларусі развіваецца, а гэта галоўнае. Аднак, з майго пункту гледжання, трэба звярнуць яшчэ больш увагі на той жа сельскі турызм, які прадстаўляе сабой і этнатурызм, і агратурызм. Мы мала займаемся адукацыйным турызмам. Недастаткова развіваем атракцыйны турызм, а таксама спартыўны, які можа прыцягнуць шмат турыстаў.

 

Трэба развіваць усе накірункі турызму. Бо сёння турыстаў прываблівае адно, заўтра другое, пасля – трэцяе.

 

Асаблівую ўвагу, лічу, трэба звярнуць на дзяцей і моладзь. Яны – патэнцыяльныя турысты, яны ўсім цікавяцца. Несумненна, не ва ўсіх можа хапаць сродкаў, тады ў гэтым павінны быць задзейнічаны школа, улада. Моладзь – наша будучыня, на ёй трымаецца краіна, таму дзяржава не павінна шкадаваць грошай на яе адукацыю і выхаванне, і турызм у гэтых пытаннях можа адыгрываць вельмі сур’ёзную і станоўчую ролю.

 

Мажліва, зараз вы працуеце над новай кнігай па Гарадзеншчыне?

 

Так, працую над кнігай пад назвай “Кронан”. Першы раз гэта кніга была выдадзена ў 1993 годзе пры падтрымцы гарадской улады, гэта быў летапіс горада на Нёмане. Кніжка стала настольнай для многіх арганізацый, устаноў, у тым ліку і турыстычных, якія маглі яе выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы маршрутаў.

 

Аднак на сённяшні дзень кніжка састарэла, яе трэба дапоўніць, штосьці змяніць, перапісаць. Яна будзе трохі ў іншай структуры, крыху другой па змесце, а самае галоўнае – будзе ілюстраванай. Фарматам і тэхнікай публікацый яна будзе нагадваць вядомае выданне “Гродназнаўства”.

 

Пакуль не буду раскрываць тайны зместу. Але гэта будзе не толькі хроніка, будзе і новы змест, які больш падрабязна раскрые і храналогію, і гістарычныя асобы нашага цудоўнага горада.

 

Здымак з архіву “Твайго стылю”