Вуліца Будзёнага: адкрылі, але не цалкам
Ужо зранку 15 кастрычніка на Будзёнага можна было заўважыць няшмат прыватных аўто, больш аўтобусаў ды маршрутак. Вуліца фактычна адкрытая і гатовая прыняць паток машын: пакрыццё ў парадку, разметка нанесеная, светлафоры ўсталяваныя, хоць сёння яшчэ не працуюць.
Аднак, з боку развязкі на Карла Маркса, рух для прыватных аўто дагэтуль закрыты: ездзіць толькі грамадскі транспарт. З боку чыгуначнага вакзалу праезд вольны для ўсіх.
Застаўся добры кавалак працы па добраўпарадкаванні ходнікаў ды стаянкі каля чыгуначнага вакзала, а таксама бліжэй да пераходу праз чыгуначныя шляхі. Два новых прыпынкі (акурат каля новых стаянак) пакуль фактычна пустыя – людзям трэба прывыкнуць.
Нагадаем, што дата адкрыцця вуліцы Будзёнага некалькі разоў пераносілася. Спачатку транспарт планавалі пусціць у верасні, пасля – 2 кастрычніка, апошняй датай было акурат 15 кастрычніка.