“Лятучы ўніверітэт” прызямліўся ў Гародні

| Без катэгорыі

Дыскусія “Гародня як месца сучаснага Універсітэта” адбылася ў традыцыйным памяшканні на вул. Будзёнага 48а, з ініцыятывы супольнасці “Думаем Беларусь” і “Лятучага ўніверсітэта” Уладзіміра Мацкевіча.

 

Мадэратарам вечара быў Алесь Краўцэвіч, які адразу акрэсліў праблему дыскусіі: “На нашых вачах адбываецца дэвальвацыя вышэйшай адукацыі, таму мы павінны неяк адказваць на выклікі часу”.

Першы выступоўца, Ірына Дубянецкая (на здымках вышэй) зрабіла экскурс у гісторыю беларускай нацыянальнай вышэйшай адукацыі, сканцэнтраваўшы ўвагу на Віленскім універсітэце, а таксама суполках філаматаў і філарэтаў. “Пачынаць будаваць краіну трэба з універсітэта,” – лічыць Дубянецкая.

Выступ Ігара Кузьмініча “Сучасны ўніверсітэт як інавацыя” быў прысвечаны зменлівым умовам, у якіх даводзіцца існаваць сучасным універсітэтам: “Зараз універсітэт, на жаль, вельмі часта разглядаецца як прыступка для атрымання прафесіі, “хлебная карта” іншымі словамі.” Кузьмініч (на фота ніжэй) упэўнены, што ўніверсітэт не паспявае за тымі зменамі, якія адбываюцца вакол яго.

Не абыйшлося і без востра-камічных момантаў падчас прамовы спадара Ігара:

 

– Думай глабальна, дзейнічай лакальна…

– Масонскі прынцып! – рэпліка з залу.

– …а мне падабаецца, – пасміхаецца Кузьмініч.

 

Аднак самым інтрыгуючым быў выступ Уладзіміра Мацкевіча “пра Лятучы Універсітэт, Гродна і сябе самога,” – як заявіў выступоўца (на здымку). Вось толькі некалькі запамінальных цытатаў:

 

– Універсітэта ў Беларусі няма, нягледзячы на шыльды і назвы.

 

– Калі вы будзеце мець партыю, але не будзеце мець універсітэта, яна абавязкова наробіць глупстваў.

 

– Было б нядрэнна мець гістарычны будыначак (як у Оксфардскага ўніверсітэта), але сучасны ўніверсітэт патрабуе значна большай прасторы.

 

– Балонскі працэс знішчае адукацыю!

 

– Тэалагічная адукацыя павінна быць, нават калі ніхто з выпускнікоў не атрымае пасля працы. Працаўладкаванне не павінна цікавіць універсітэт!

 

Безумоўна, усе, хто не быў знаёмы з Уладзімірам Мацкевічам і ягоным спосабам выкладання, былі ўражаныя катэгарычнасцю, самаўпэўненасцю і арыгінальнасцю некаторых думак, якой часам так не хапае ў беларускай інтэлектуальнай прасторы. Яшчэ больш эмоцый выклікала дыскусія ў канцы сустрэчы, аднак гэта тэма для асобнага артыкула.

 

Дарэчы, не абыйшоў Уладзімір Уладзіміравіч увагай і Гродна, адзначыўшы, што “…тут ёсць вялікі нявыкарыстаны патэнцыял. Калі б вярнуць усіх, хто з’ехаў з горада за апошнія 10 год, адбыўся б інтэлектуальны выбух! На жаль, пакуль гэтыя людзі тут незапатрабаваныя…”

 

Здымкі Яна Лялевіча