Ігар Кузьмініч: “Галоўная праблема беларускага ўніверсітэта – тое, што яго не існуе”

|

Ці можа ўніверсітэт сфармаваць нацыю? Што трэба зрабіць, как вышэйшая адукацыя стала каштоўнасцю? Пра крызіс сучаснага ўніверсітэта і спецыфіку вышэйшай адукацыі ў Беларусі “ТС” паразмаўляў з Ігарам Кузьмінічам, адным з выступоўцаў семінара “Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі”.


Ігар, чаму, разглядаючы праблемы ўніверсітэта, вы прапанавалі сканцэнтравацца на крызісе менавіта гуманітарных навук?

 

Крызіс універсітэта звязаны са зменамі ў знешнім атачэнні. Прааналізаваўшы некалькі новых фактараў, якія ўзніклі сёння і паўплываюць на сітуацыю з універсітэтам, я магу сказаць, што ў прынцыпе ўніверсітэт можа выжыць пры змене гэтых умоваў. Гэта складаная сітуацыя для ўніверсітэта, але не такая, якая прывядзе да поўнага яго заняпаду. Прычына ў іншым.

 

На мой погляд, прычына не ў крызісе ўніверсітэта як структуры, якая збірае, фармуе і транслюе веды, гэтым самым ствараючы змены ў грамадстве, а ў крызісе тых галін навукі, якія не атрыліваюць дастатковага фінансавання, увагі, альбо якія самі па сабе не здольныя ў сянняшніх умовах стварыць нейкі прадукт, які быў бы цікавы грамадству. Гэта крызіс не ўніверсітэта як такавога, а асаблівай галіны ведаў – гуманітарных ведаў.

У час дыскусіі ў вас прагучала думка пра тое, што ўніверсітэт павінен стаць каштоўнасцю не толькі для тых, хто вучыць, але і для тых, хто атрымлівае адукацыю. Але, калі браць тую ж гуманітарную сферу, сёння нельга сустрэць аб’явы кшталту “вазьму на працу філосафа”. Як папулярызаваць гуманітарную адукацыю і стварыць умовы для таго, каб універсітэт стаў каштоўнасцю?

 

Універсітэцкае жыццё – гэта не проста атрыманне ведаў. Гэта ўдзел у працэсе ўзнікнення ведаў і ўдзел у працэсе іх рэалізацыі. Як правільна адзначыў Уладзімір Мацкевіч, універсітэт – гэта своеасаблівы спосаб жыцця, своеасаблівыя каштоўнасці. У класічным разуменні – гэта асаблівы спосаб мыслення. Ёсць спецыяльныя формы, у якіх чалавек думае, формы, у якіх ён выказвае сваё меркаванне, спрачаецца і г.д.

 

У сённяшнім беларусім універсітэце вучаць не думаць, а вучаць спецыяльнасці. Юрыстаў вучаць праву, медыкаў – медыцыне, то бок спосабам дзейнасці ў прафесійнай сферы, а класічны ўніверсітэт вучыў думаць. Менавіта таму на семінары таксама гучала думка пра тое, што ў сённяшняй Беларусі ўніверсітэта ў класічным разуменні не існуе.

Вы сышлі з гарадзенскага ўніверсітэта ў знак пратэсту супраць ціску на выкладчыкаў. Як змагацца з тым, што ўніверсітэт як стуртура сёння палітазаваны?

 

Кожны сам для сябе вызначае, як трэба сябе паводзіць у падобнай сітуацыі. Мой прыклад не з’яўляецца ідэалам, на які трэба раўняцца. Палітызацыя ўніверсітэта адчувалася і раней, але мяне асабліва не кранала. Я як дзейнічаў і што казаў у 90-я гады, тое самае рабіў і пасля.

 

Калі я адчуў гэты ўціск на сабе, трэба было выбіраць: ці вельмі істотна змяніцца і падпарадкавацца новым правілам, ці сысці. Я выбраў сыход, але гэта не залатое правіла змагання супраць сістэмы. Шмат хто, у тым ліку і з маіх знаёмых, лічаць, што я дарма так зрабіў, трэба было крыху сцішыцца, а пасля зноўку рабіць сваю справу.

Некаторыя лічаць, што можна мімікрыраваць, з адміністрацыяй універсітэта весці сябе па адным сцэнары, а ў аўдыторыях са студэнтамі – па другім. Але я лічу, што чалавек павінен паступаць аднолькава ва ўсіх сітуацыях. Таму я паступіў так.

 

Што можна было зрабіць у падобнай сітуацыі акрамя пратэсту? Пісаць у вышэйшыя органы – глупа, бо, верагодна, усё ідзе акурат адтуль. Можна было расцягнуць усю гэтыю сітуацыю, застацца ва ўніверсітэце і мусоліць гэтую тэму, звяртаць увагу да праблемы ў СМІ. Але акрамя мяне ва ўніверсітэце працуюць іншыя людзі, мае паводзіны адбіваліся таксама і на іх. Прыцягвалі да адказнасці і прымушалі нешта рабіць не толькі мяне, але і іншых. Таму сыход стаў найбольш аптымальным выйсцем з усёй гэтай сукупнасці фактараў. Я і сабе не здрадзіў, і людзям не нашкодзіў.

 

На семінары гучаў тэзіс, што з універсітэта трэба пачынаць будаваць дзяржаву. Як вы лічыце, ці можа ўніверсітэт сфармаваць дзяржаўнасць і нацыю?

 

Не столькі дзяржаву, сколькі больш істотна – нацыю. У канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. існаваў так званы Гумбальтаўскі ўніверсітэт. Яго ідэя, як і іншых нацыянальных універсітэтаў, палягала на тым, што там рыхтавалі эліту, якая пасля займала вышэйшыя пасады ў кіраванні, і тыя каштоўнасці, якія закладаліся падчас навучання, студэнты рэалізавалі ўсё сваё жыццё праз сваю дзейнасць – у дзяржаўных структурах, войску, на прадпрыемствах, фірмах і г.д. Такім чынам фармавалася нацыя, супольнасць.

 

Але сёння так зрабіць немагчыма. Прычына ў змененай сітуацыі: глабалізацыі, інфляцыі ведаў, вялікай колькасці інфармацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. У наш час прадукуецца вялізарны аб’ём ведаў. Немагчыма сабраць людзей, падрыхтаваць, а пасля яны на працягу жыцця будуць толькі гэтыя веды і каштоўнасці выкарыстоўваць. Усё пастаянна змяняецца. На працягу трох гадоў у некаторых галінах навук прынцыпова змяняюцца падыходы. Яго вучылі так, а пасля аказалася, што трэба іначай. Які сэнс тады ў тым, што ён папярэднія тры гады атрымліваў веды?

 

Мне падаецца, што ўніверсітэт – тое месца, якое павінна ўдзельнічаць у фармаванні супольнасці, грамадства. Сёння гэта павінна быць не фармаванне эліты для вышэйшых пасад, якія пасля будуць уплываць на грамадства і змяняць яго. Гэта людзі, якія ва ўніверсітэце вучацца не толькі думаць, выказваць свае думкі, але і якія засвойваюць спосабы дзейнасці па самаарганізацыі. У выніку яны сыходзяць з універсітэта, але не адлучаюцца ад яго, пачынаюць удзельнічаць у працэсе стварэння інстытутаў грамадства, у якіх яны самі працуюць, якія непасрэдна звязаны з універсітэтам і фармуюць нацыю. Гэта могуць быць СМІ, фірмы, якія прытрымліваюцца тых ідэй, якія культывуюцца ва ўніверсітэце. Гэтыя людзі не адрываюцца ад універсітэта, а звяртаюцца да яго і паказваюць тым, хто прыйшоў туды вучыцца, як тыя ідэі і каштоўнасці, якія закладаюцца там, транфармаваліся і куды яны вядуць. Такім чынам адбываецца ўзаемаабмен.

Вельмі істотнай тут з’яўляецца адна рэч. Наша грамадства сёння вельмі расцярушана. Калі запытаць, напрыклад, у дзясятка людзей, каго яны лічаць нацыянальнымі героямі, можна пачуць шмат варыянтаў, ад Каліноўскага да Мураўёва. Пры чым гэта кажуць беларусы. Гэта яскравая дэманстрацыя таго, наколькі ў нашым грамадстве неўзгодненая пазіцыя, у адзінай прасторы няма адзіных герояў. І гэта страшна, бо можа прывесці да рэальнага расколу супольнасці.

 

Якім чынам будаваць нацыю? Ёсць два шляхі: зверху ўніз і знізу ўверх. Зверху ўніз – тая палітыка, якую спрабуе рэалізаваць дзяржава – пры дапамозе аўтарытарнага рэжыма паказаць, што з’яўляецца нормай, і не абавязкова гэта кепска, калі, напрыклад, замест сённяшняй ідэалогіі паставіць беларусізацыю. Ёсць нейкі стандарт: ёсць нацыянальныя героі, ёсць правільныя святы, а ёсць неправільныя. Людзі засвойваюць гэтыя правілы і традыцыю праз штурханне, некаторы ціск, асабліва арганізаваную ідэалагічную працу.

 

Людзям пастаянна расказваюць і нават навязваюць тое, у што яны павінны верыць і што павінны ведаць. Пакаленне зменіцца і засвоіць гэтыя веды і будзе сябе паводхзіць так, як хацела ўлада. З майго пункту гледжання, гэта няправільны шлях, ёсць шлях знізу ўверх – праз узгадненне пазіцый. Іншымі словамі, беларусы павінны навучыцца размаўляць паміж сабой. Толькі праз дыскусію і ўзгадненне пазіцый за адным сталом, праз пошукі і знаходжанне агульнага сярод рознага, можна стварыць адзінства.

 

Беларусізацыю можна праводзіць двума шляхамі. Уявім, што да ўлады прыйшлі прабеларускія людзі, якія пачалі праводзіць беларусізацыю. У дэмакратычных умовах кожны будзе цягнуць пакрывала на сябе, і беларусізацыя будзе праходзіць значна больш хваравіта. Будзе неабходна некалькі пакаленняў для таго, каб усё змянілася. Не 40 гадоў вадзіць па пустыні, а 80.

 

Аўтарытарная дзяржава з арганізаванай струтурай і з пэўнай ідэалагічнай базай змагла б правесці беларусізацыю значна хутчэй. Але я не кажу, што аўтарытарны рэжым – гэта добра. Найлепшы шлях – стварэнне інстытутаў па ўзгадненні пазіцый у той вялікай палітры, якая сёння існуе. У беларусах змяшана вельмі шмат. Частка беларусаў лічыць сваімі нацыянальнымі сімваламі адно, другая частка – іншае. Толькі ўзгадняючы і пагаджаючыся на нешта, можна знайсці тое, вакол чаго мы можам аб’яднацца.

 

Гэта можа зрабіць толькі ўніверсітэт, які стварае ўмовы для абмеркавання існуючых сітуацый, а таксама стварае працэсы і струтуры, якія будуць займацца гэтым узгадненнем. У гэтым выпадку нацыянальны ўніверсітэт будзе фармаваць нацыю. Але зусім іначай, не так, як тое было ў ХІХ ці ХХ стагоддзі.

Ёсць прыклад дыскусійных клубаў на Украіне, куды запрашаюць прадстаўнікоў цалкам супрацьлеглых палітычных поглядаў, рознага этнічнага паходжання, якія кардынальна не могуць паміж самбой паразумецца. У гэтых клубах дазваляецца выказваць усе меркаванні, адзінае забараняецца кепска казаць пра Украіну, адмяўляць яе існаванне, адмаўляць існаванне украінцаў як нацыі. Адбываюцца гарачыя спрэчкі, часам складаныя сітуацыі, але такое варта рабіць, бо тады выкладваюцца ўсе карты, можна ўбачыць, што ў нас рознае, але можна знайсці, што ў нас агульнае, што нас аб’ядноўвае.

 

Зразумела, што гэты працэс вельмі складаны і доўгі. Пройдзе як мінімум пакаленне, пакуль з’явяцца змены. Але без гэтага мы не зможам рушыць далей, у будучыню.

 

Крызіс універсітэтаў назіраецца па ўсім свеце. У чым праблема менавіта беларускага ўніверсітэта?

 

Тут можна пагадзіцца з Уладзімірам Мацкевічам – універсітэтаў у нас няма. З майго пункту гледжання, універсітэта як асобнай карпарацыі прафесароў і навучэнцаў са сваімі асаблівымі каштоўнасцямі, правіламі, пастулатамі жыцця і аўтаноміяй (самакіраваннем і пэўнай незалежнасцю – ідэалагічнай і палітычнай) у нас не было ніколі.

 

Калі ўзяць прыклад Віленскага ўніверсітэта ці Полацкай акадэміі – нават там не было да канца поўнай аўтаноміі. Усё роўна рука дзяржавы была над універстэтам. Зразумела, там ствараліся такія самастойныя струтуры как філаматы, філарэты, нейкія іншыя адзінкі, але ўніверстэта з аўтаноміяй унутры дзяржавы на Беларусі не было ніколі.

 

Уладзімір Мацкевіч лічыць, што праблема заключаецца ў тым, што ўніверсітэт пераключыўся на перадачу прафесійных ведаў, іншымі словамі – на падрыхтоўку спецыялістаў, што не з’яўляецца задачай універсітэта.

 

Сапраўды, класічныя сярэднявечныя ўніверсітэты займаліся тым, што фармавалі спосаб мыслення, закладалі каштоўнасці, а не вучылі, што рабіць у канкрэтнай сітуацыі. Вось калі чалавек прыходзіў на месца працы, там ён засвоваў нейкія спосабы дзейнасці. Гэта ўніверсальны чалавек, які мог працаваць у любой галіне. Самае галоўнае – што ён па-асабліваму думаў.

 

У такім разуменні ў нас універсітэта сапраўды няма і не было ніколі. Як ні дзіўна, галоўная праблема беларускага універсітэта гэта тое, што яго не існуе.

Відэазапіс выступу Ігара Кузьмініча “Сучасны ўніверсітэт як інавацыя”, Гродна, 17 кастрычніка 2013

 

Калі ставіць перад адукацыяй інавацыйныя задачы, то і метады іх дасягнення, у тым ліку выкладання, таксама павінны быць інавацыйнымі. Можа, калі крызіс у фармальнай адукацыі, то будучыня – за нефармальнай, грамадзянскай адукацыяй?

 

Універсітэт павінен арыентавацца на грамадства. У гэтым сэнсе той жа Лятучы ўніверсітэт з’яўляецца грамадскай, нефармальнай структурай. Ён базуецца на інтарэсах тых людзей, якія прыходзяць туды, і працуе на грамадства. Але тыя веды, інфармацыя, спосабы мыслення, якія яны там засвойваюць, яны засвойваюць не толькі для сябе, але і для таго, каб пасля несці гэта ўсё ў грамадства.

 

Як асноўнага кліента трэба разглядаць грамадства, пры чым не як набор нейкіх грамадзян асобна адарваных адзін ад аднаго, а як складаную структуру, якая складаецца з розных працэсаў, інстытутаў і асобных грамадзян.

 

Лятучы ўніверсітэт – ідэальная форма існавання ўніверсітэта? Ці там ёсць нейкія праблемныя моманты, якія яшчэ трэба вырашаць?

 

Ідэальнае існуе толькі ў нашых галовах. Верагодна, у ЛУ ёсць і недахопы, але на маю думку, у яго ёсць плюсы, якія пераважваюць усе магчымыя праблемныя моманты. Па-першае, ЛУ спрабуе стварыць прастору для любой ідэі, для любога чалавека, які хацеў бы нешта выказаць і абмеркаваць гэта.

 

ЛУ стварае пляцоўку, на якую ты выносіш нейкае меркаванне, і яго разглядаюць, з нечым пагаджаюцца, нешта крытыкуюць, увогуле могуць разабраць па костачкам, але гэта карысна, бо ты адчуваеш, што таксама ўдзельнічаеш у гэтым працэсе.

 

Па-другое, у ЛУ прыходзяць людзі не за дыпломам, а за ведамі, проста для таго, каб паслухаць выступы цікавых людзей, філосафаў, выкладчыкаў, якім ёсць што сказаць. Людзі прыходзяць, слухаюць і ацэньваюць, крытыкуюць, даюць зваротную сувязь. Ад гэтага ідэі становяцца толькі лепшымі. Можна толькі падзякаваць тым людзям, якія ствараюць гэты ўніверсітэт.

 

Варта паспрабаваць зрабіць філіял Лятучага універсітэта ў Гродне. Што з гэтага атрымаецца – невядома. Людзі, якія маглі б выкладаць, дзяліцца сваімі думкамі, у нас сапраўды ёсць. Ці знойдуцца людзі, якія былі б гатовыя ўспрымаць новыя веды і даваць зваротную сувязь – гэта ўжо іншае пытанне. Але прыклад Універсітэта Залатога Веку, дзе рост колькасці навучэнцаў проста ашаламляльны, дадае аптымізму.

 

Універсітэт, адэкватны сённяшняй беларускай рэчаіснасці – які ён?

 

Гэта ідэальны ўніверсітэт, які мы збудуем агульнымі намаганнямі сумесна з ЛУ гадоў праз 10 ці 100. На 100% такога ўніверсітэта не будзе, калі мы нічога для гэтага не будзем рабіць, нават не паспрабуем. У вельмі спецыфічных умовах, якія існуюць у Беларусі, ідэальны ўніверсітэт – той, у які з задавальненнем прыходзяць людзі, цікавыя, разумныя, якім ёсць што сказаць, і прыходзяць людзі, якім цікава гэта пачуць і даць зваротную сувязь. Пры гэтым гэта не група людзей, якія пастаянна займаюцца грамадскай альбо палітычнай дзейнасцю, але гэта людзі з усіх магчымых сфераў жыцця, любога ўзросту. Беларусы, якія прыходзяць абмяркоўваць праблемы і знаходзіць нешта агульнае.