Першае гарадзенскае баскетбольнае дэрбi. Для каго гуляем?

|

Лепшымі ў складзе гасцей, паводле статыстык, сталі Аляксандр Семянюк, які набраў 22 ачкі, 5 падбораў і 3 блокшоты; і Юры Глябовіч, які сабраў 7 падбораў, 10 ачкоў і зрабіў 2 выніковыя перадачы.

 

У другім туры было запланавана першае баскетбольнае дэрбі нашага горада і, “дзякуючы” часова дыскваліфікаванаму магілёўскаму “Барысфену”, адкрыццё баскетбольнага сезону ў Гродне. Рэдкія афішы, расклееныя на тумбах горада, заклікалі людзей наведаць стары добры спорткомплекс па вуліцы Гагарына.

 

Але вось няўдача! Згодна з афішай стартавы свісток павінен быў прагучаць ў 18.00, аднак, не зразумела па якіх прычынах, сустрэча была перанесена на 17.00. Толькі заўзятараў вырашылі пра гэта не апавяшчаць… Само сабой наспявае пытанне: для каго гуляем?

 

Што тычыцца самой сустрэчы, то, нягледзячы на добры стартавы адрэзак у выкананні ўчорашніх “дублёраў”, зыход сустрэчы быў фактычна наканаваны да канца першай паловы. Як патлумачыў у перапынку галоўны трэнер “93-iх” Андрэй Тадэвушавіч Васілеўка, правальны старт (на экватары першай чвэрці табло высвятляе 14-4 на карысць “гасцей”) можна растлумачыць банальным “неданастроем” каманды.

На лініі штрафнога Юрый Мішукоў

 

У другой палове дзеянні “Прынёмання” станавіліся ўсё менш і менш арганізаванымі і хлопцы ў цёмнай форме ўсё больш нагадвалі набор выканаўцаў, а не каманду. На фоне адрыву, што няспынна павялiчваўся, больш гульнявога часу атрымалі маладыя пачаткоўцы “Гродна 93” Вадзім Гайдукевіч і Яўген Дробаў. Першы паспеў адзначыцца нядрэнным кідком зверху.

Змаганне за падбор выйграе Арцём Малькоў

 

Таксама варта адзначыць дабл – дабл (14 ачкоў + 12 падбораў) капітана гараджан Дзмітрыя Кузьміна. У складзе “Прынёмання” самым выніковым зноў стаў Аляксандр Семянюк, у яго 14 ачкоў і 2 блокшоты.

 

Наступную гульню “Гродна ’93” правядзе 29 кастрычніка ў сталіцы супраць другога складу “Цмокі–Мінск”. А баскетбалістам “Прынёмання” ў бліжэйшыя выхадныя трэба будзе пазмагацца за адну з дзвюх пуцёвак у фінал чатырох кубка Беларусі. У Гомелі ім будуць супрацьстаяць віцебскі “Рубон”, мясцовы “СОЖ – ГДУ” і флагман апошніх гадоў “Цмокі –Мiнск”. Пажадаем поспехаў хлопцам!