“Ружовы слон” зноў падарыў дзецям усмешкі
Гэта ўжо другая гульня, якую ладзяць гарадзенскія валанцёры сумесна з фірмай. Тры бітвы ў HyperBlast і гульні на ігравых аўтаматах выклікалі велізарнае захапленне ў дзяцей. “Супер! Клас! А калі мы пойдзем яшчэ?” – менавіта гэтыя словы градам пасыпаліся на валанцёраў пасля мерапрыемства.
“Падобныя актыўныя гульні нясуць у сабе вялікую эмацыйную і фізічную разрадку, бо прадугледжваюць вельмі хуткі і актыўны ўсплеск сіл, накіраваных на перамогу, вучаць дзяцей аб’ядноўвацца і хутка дамаўляцца адзін з адным дзеля дасягнення агульнай мэты, размяркоўваць ролі, працаваць у камандзе, падтрымліваць адзін аднаго”, – адзначыла ваданцёрка “Ружовага слана” Ганна Ждановіч.
Дзве гадзіны праляцелі незаўважна, але пакінулі яркія насычаныя ўспаміны на тыдзень наперад.
“Пасля першага наведвання дзеткі былі ў такім захапленні, што марылі апынуцца там зноў. Дзякуючы ўсім супрацоўнікам “Hyperblast” і асабіста дырэктарцы, спадарыні Антаніне Хартоўскай, якая запрасіла выхаванцаў дзіцячага дому на дармовую гульню, а таксама дазволіла карыстацца ўсімі іншымі атракцыёнамі, ад аэрахакея да 7D кінатэатра, іхняя мара здзейснілася! Вялікі дзякуй людзям, якія зноў дапамаглі нам падараваць дзеткам усмешкі!” – распавядае валанцёрка ініцыятывы Юлія Доўгая.
Гарадзенскай ініцыятыва “Ружовы слон” ужо тры гады працуе з дзецьмі-сіротамі з дзіцячага прытулку на праспекце Янкі Купалы. За час свайго існавання валанцёры зладзілі шэраг культурных, адукацыйных і спартыўна-забаўляльных мерапрыемстваў, сярод якіх назіранне за птушкамі, спартыўныя мерапрыемствы на тэрыторыі гарадзенскіх фартоў, дзе дзеці змаглі паспрабаваць сябе ў ролі альпіністаў, летні лагер у Свіслачы, сумесныя прагляды кінафільмаў і г.д.
Здымкі Юліі Доўгай