Арт-праект Zabor пасяліўся ў Гродне

| Без катэгорыі

Больш за 40 прац беларускіх мастакоў можна будзе ўбачыць у цэнтры горада ажно да 27 снежня.

 

Zabor гэта выстава рэпрадукцый сучасных беларускіх мастакоў. У кожным горадзе, куды завітвае гэтая незвычайная арт-з’ява, арганізатары старанна выбіраюць месца, дзе будуць выстаўляцца павялічаныя копіі карцін.

У Гродне, як кажуць арганізатары, ім адразу спадабалася месца каля парку. Тут ходзіць вельмі шмат гараджан, а карціны, як  быццам тут і былі. Нядрэнна будзе, калі і надалей можна будзе выкарыстоўваць гэты плот у якасці такой вулічнай галерэі.

Праект Zabor выстаўляўся ў абласных цэнтрах нашай краіны, а таксама Мінску ды Варшаве, і вось нарэшце завітаў і да нас.

Урачыстае адкрыццё сабрала ля ўвахода ў парк вельмі шмат зусім розных людзей. Сапраўды, з’ява для Гродна выключная: такіх выстаў яшчэ ў нас не было, таму і выклікае цікаўнасць у людзей.

У праекце прымае ўдзел гарадзенскі мастак Юры Якавенка (на фота). Менавіта ён стаў пераможцам конкурса “На Zabore”. Яго графічныя афорты з серыі “Хічкок і Далі” прыцягваюць увагу сваёй незвычайнасцю ды сюрэалістычнасцю. Разглядаць іх можна гадзінамі. Гэта зусім невялікія працы, у арыгінале каля 30х20 см, але для выставы на плоце яны былі спецыяльна шматразова павялічаны. Зараз у гарадзенцаў ёсць магчымасць разглядзець усё ў падрабязнасцях.

Акрамя манахромных прац Юрыя Якавенкі, гледачы таксама змогуць убачыць творчасць Руслана Вашкевіча, Віктара Альшэўскага, Сяргея Каваля і Уладзіслава Стальмахава. Кожны з гэтых мастакоў валодае сваім унікальным стылем, і гэта адразу бачна, бо працы зроблены ў розных тэхніках. На  гэта, адкрываючы выставу, спецыяльна звярнулі ўвагу арганізатары. Бо галоўнай мэтай праекта з’яўляецца тое, каб як мага больш людзей змаглі ўбачыць сучаснае беларускае мастацтва ці нават упершыню даведацца, што яно ў нас ёсць. А для мастакоў гэта сваеасаблівы фітбэк ці зваротная сувязь. Вось такі мастацкі дыялог.

 

Здымкі Яна Лялевіча