Не трэба хаваць злачынствы за рамантыкай

|

Бігборды ды расцяжкі ў цэнтры горада дэманструюць вялікую павагу камсамольцаў нашага часу да сваіх папярэднікаў. Што ж, як кажуць, аднаго поля ягадкі. І выраслі тыя ягадкі на зямлі, шчодра засеянай косткамі закатаваных, замораных голадам, без віны пазбаўленых маёмасці, родных, радзімы міліёнаў жыхароў краіны, якая на ўвесь свет называла сябе самай народнай і дэмакратычнай.

 

Гэта людзі ў форме НКВД з партыйнымі білетамі ды камсамольскімі значкамі ў адну ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 г. расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі ды дзяржаўнага апарату, сярод якіх былі 22 пісьменнікі (Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Чарот ды іншыя).

 

Гэта яны арганізавалі Катынь, ГУЛАГ і тысячы іншых злачынстваў сярод чалавечнасці. Схаваць гэта ўсё за рамантыкай піянерскіх вогнішчаў, камсамольскіх будаўнічых атрадаў і г.д. – вяршыня бяспамяцтва і цынізму.

 

Я не маю персанальных прэтэнзій да тых, для каго камсамол асацыюецца з найлепшай парой у іх жыцці – з маладосцю. Многія з вас сапраўды шчыра імкнуліся рабіць дабро, любілі сваю краіну і верылі ў яе светлую будучыню. 

 

Я маю прэтэнзіі да тых, хто ад вашага імя і ў імя Рэвалюцыі (Леніна, Сталіна і г.д.) спарадзіў на гэтай зямлі столькі зла, што мы дагэтуль ачуняць не можам. Я маю прэтэнзіі да тых, хто зараз з катаў (Леніна, Сталіна і іх паплечнікаў) спрабуе зараз ствараць вобраз герояў, на прыкладзе якіх трэба вучыцца, будаваць будучыню.

На такіх прыкладах могуць вырасці толькі новыя бяздушныя монстры, якія па касцях і галовах пойдуць туды, куды пазаве чарговы вялікі правадыр.

 

Як слушна казаў Чэрчыль, “фашызм – гэта філасофія, накіраваная на знішчэнне іншых народаў, камунізм – на знішчэнне ўласнага народа”.

 

Гісторыя ХХ-га стагоддзя толькі падцвердзіла гэтае выказванне. Усе еўрапейскія камуністычныя краіны за кароткі час панавання “народных” рэжымаў перажылі глыбокія эканамічныя крызісы, тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, рэзкае падзенне маралі.

 

Ці не таму ўсе яны (палякі, венгры, чэхі, румыны, латышы, літоўцы і г.д.) з такой радасцю ўцякалі з гэтай “турмы народаў”? 

 

А што беларусы? Спачатку балела, а потым прыцярпеліся?