Bulbamovie: маленькі ўраджай разнастайных клубняў
Фестываль Bulbamovie – як паменшаная копія беларускай ці то грамадзянскай, ці то культурніцкай супольнасці. Навокал усе свае, усё камерна і ўтульна, а за сценамі – тысячы мінакоў, якія нават не ведаюць пра тваё існаванне. Між тым, недзе тут можа тусавацца яшчэ нікому невядомая “будучыня беларускага кіно”.
“Кіно – галоўнейшае з мастацтваў” – з часоў Леніна гэты тэзіс не надта страціў актуальнасці. І калі ў самой краіне з гэтым мастацтвам зусім кепска, пачынаюць узнікаць думкі пра тое, што “заграница нам поможет”.
Аднак, у арганізатараў Bulbamovie няма чароўнай палачкі, якая ў адзін момант дасць нам пропуск у Каны, Берлін, Венецыю ды Лакарна. Яны могуць проста паказаць палякам тыя кавалкі Беларусі, якія мы самі прапусцілі праз свой bulba-аб’ектыў.
У конкурснай праграме – палотнішча з мноства розных кавалкаў, часцей вучнёўскіх спробаў, хаця ёсць і асобныя якасныя “шматкі”. Недахоп у Беларусі як кіношнікаў, гэтак і інфармацыі пра фэст, сказваецца на колькасці і якасці пададзеных стужак. Прыходзіцца выбіраць і параўноўваць, лічы, непараўнальнае: кароткі і поўны метр, мастацкія і дакументальныя стужкі, акторскае кіно і анімацыю.
Гэта як прымусіць выбіраць штосці адно сярод бульбы смажанай, варанай, печанай, пюрэ, дранікаў, фры ды бульбяной запеканкі. Асабліва, калі часам здаецца, што табе падсоўваюць пакаштаваць бацвіння. Задумваешся, ці сярод гэтага ўяўнага багацця не выбраць проста “Бульбаш”.
У гэтым годзе журы абрала пераможцаў надзвычай хутка
Але разнастайнасць маладога беларускага кіно, што патрапіла ў сярэдзіне кастрычніка ў варшаўскае кіно Luna, уяўная. Таго, што хацелася б паказаць замежніку – як кату пад’есці. Між тым, фільмы-пераможцы Bulbamovie ужо адправіліся ў турнэ па Польшчы, пабывалі ў Кракаве, хутка дабяруцца і да дыскусійных кінаклубаў у іншых гарадах.
Адна з функцый фестывалю, ці не найважнейшая, гэта акурат знаёмства польскага гледача з беларускім кіно. Менавіта таму вельмі істотныя рэчы адбывацца ўжо пасля варшаўскай “раздачы сланоў”.
Цікавасць да самога фестывалю пакуль мінімальная, перадусім з боку самых беларусаў. Таму да чырвоных дываноў і лімузінаў вельмі далёка. Здавалася б, у Варшаве тых беларусаў ці не больш, чым у Гродне. Тады дзе яны ўсе і чаму ўдзельнікі Bulbamovie тусаваліся, у асноўным, ва ўласнай кампаніі?
Здымак цалкам можа ілюстраваць меркаванне пра Bulbamovie як пра “перспектыўны міжсабойчык”
Што тычыцца пераможцаў, то сёлета журы ацаніла эфектыўны мінімалізм. Перамагла караценькая і прыгожая лялечная анімацыя, бо “параўнальна з працягласцю, найдаўжэй засталася ў памяці”. Яшчэ адна анімацыя заняла трэцяе месца – ды не проста анімацыя, а, фактычна, кліп да песні з сюжэтам простым, як канструкцыя лапаты. Тут журы ўзяло пад увагу два “Э”: эстэтыку і энергетыку – пазітыўную, сярод агульнай змрочнасці беларускай тэматыкі (параўноўваючы хаця б з іншым конкурсным фільмам – занудным “10” Уладзіміра Казлова, які паказвае бессэнсоўнае жыццё гопнікаў з раёна).
Выразны сігнал для творцаў – тое, што наогул не адзначылі мастацкіх стужак. Толькі прыз глядацкіх сімпатый невядома якім чынам трапіў фільму “Бабруйск – Дакар”. Дакументалкі ж і тэхнічна выкананыя няблага, і тэмы прэзентуюць цікавыя і разнастайныя. З іх нават можна скласці, хай і сыраватую, але якую-ніякую праграму.
Цэнтральнае пытанне Bulbamovie, на якое пакуль няма выразнага адказу – што ж такое беларускае кіно. Пакуль што, гэта “кіно створанае асобамі з Беларусі”. Але гэтага, здаецца, мала. Магчыма, беларускіх творцаў павінна аб’ядноўваць штосці большае, чым печаная бульба з маслам і селядцом?
Здымкі Змітра Ягорава, belsat.eu