Што за “Магія” з’явілася каля “Крыгі”?

|

Цягам некалькіх дзён дзверы таямнічай установы былі зачыненыя. Шчыліна ў іх прыадкрывала шэравата-белую сцяну калідора. У чарговы візіт дзверы адчыніліся. А за імі – кажаны на сценах, чорны кот ля печкі, велізарныя пацукі і высокія сходы. Нягледзячы на штучнасць дэкарацый пачуццё жудаснасці прысутнічала. Наверсе, за аранжавымі дзвярыма, чуваць было дзявочыя галасы.

У пакоі таямнічасць адступіла. Памяшканне прыбірала жвавая мініяцюрная дзяўчына, на канапе бавілася дзяўчынка год сямі. Дэкарацыі на восеньска-хэлоўінаўскую тэматыку, фотаатрыбутыка, доўгае люстэрка з касметыкай і крэсла-фен падказвалі спецыфіку дзейнасці лабараторыі.

Высветлілася, што дзяўчына Ліза з’яўляецца ініцыятарам новага для Гродна фармата паслуг – творчай лабараторыі.

 

Там мы ствараем, тут мы фатаграфуем”, – паказала дзве часткі лабараторыі яе дырэктарка Ліза.

У шэраг паслуг уваходзіць падбор іміджа і ператварэнне чалавека з дапамогай стрыжкі, макіяжа, манікюра, педзікюра, а таксама… малюнкаў на твары. Адсюль і назва месца – “Магія” – тут адбываюцца чароўныя пераўвасабленні. Захаваць вобраз можна з дапамогай тэматычнай фотасесіі. Цяпер дэкарацыі ў хэлоўінаўскім стылі, праз два тыдні яны прыгадаюць аб Растве.

Першая фотасесія і імпрэза ўжо прайшлі ў мінулую нядзелю – у дзень адкрыцця творчай лабараторыі. “Лабаранты” паспелі заявіць аб сабе і “на выездзе” ў бары “Куба”, дзе яны грыміравалі ўдзельнікаў імпрэзы ў стылі “Зорных войнаў”.

Акрамя змены вобразу і вечарынаў супрацоўнікі ArtLab прапаноўваюць комплекснае суправаджэнне любых урачыстасцяў. У лабараторыі працуюць чатыры чалавекі, астатніх спецыялістаў яны запрашаюць у якасці партнёраў.

 

Ідэю прыдумала я сама, – распавяла Ліза. – У нас такога ў горадзе няма, каб прыйсці куды-небудзь з сям’ёй сфатаграфавацца. На Раство ўжо і чарга збіраецца дзетак фатаграфаваць – у вобразе гномікаў, напрыклад. У мяне самой трое дзяцей, я ведаю, што гэта такое. Па-першае, каб атрымаць задавальненне, а па-другое – добрую памяць”.

Дырэктарка “Магіі” плануе сабраць у сябе творчых людзей – дарэчы, яны і так часта збіраюцца па суседстве. У новы творчы куток з цікавасці ўжо завітвалі гітарысты, фаершчыкі, проста неабыякавая моладзь.

 

У бліжэйшых планах “Магіі” – адкрыццё выставы хэнд-мэйд упрыгожванняў з кветак і смалы Анастасіі Бачкаровай. Першая дэкада лістапада падорыць кліентам акцыю на комплекс паслуг па змене стылю. Хутка ў лабараторыі з’явіцца і не зусім творчая фатаграфія на дакументы. А пакуль там – пацукі пад столлю, кажаны на сценах і кот ля печкі.