Выратавальнікі праверылі гарадзенскія начныя клубы, а гігіеністы – касметалагічныя кабінеты
Эвакуяцыйныя выхады закрытыя на ключ знутры, няспраўныя сістэмы пажарнай сігналізацыі, адключана супрацьдымная абарона, вогнетушыльнікі непрацоўныя, няма доступу да пажарных кранаў і планаў эвакуяцыі ў час пажара.
Каб парушэнні ў начных клубах выправілі найхутчэй, а адпачынак гарадзенцаў быў бяспечным, Гродзенскае ўпраўленне МНС сабрала кіраўнікоў і адказных за супрацьпажарную бяспеку начных установаў на навучальны семінар.
Спецыялісты Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя абследавалі 31 касметалагічны салон і кабінет, цырульні, якія аказваюць касметалагічныя паслугі.
12 з іх парушаюць санітарна-эпідэміялагічнае заканадаўства.
Цырульня “Ленона”, салон “Персона” і касметалагічны кабінет ІП Крывец рабілі хімічныя пілінгі, іонафарэз твару, біяптрон і мезапрацэдуры без ліцэнзіі Міністэрства аховы здароўя.
Былі выпадкі, калі для працэдур выкарыстоўвалі пратэрмінаваныя касметычныя сродкі.
У выніку тром кропкам забаранілі аказваць медыцынскія касметалагічныя паслугі насельніцтву, складзеныя 6 пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях, у дачыненні 2 кіраўнікоў распачынаецца адміністратыўны працэс.
Паводле http://mchs.gov.by , http://gigiena.inbel.biz
Здымак http://i1.ytimg.com