Гарадзенскія паэты: “Мы ў Гродне ёсць!”

|

“Выданне такога зборніка – вельмі добрая з’ява ў культурным жыцці горада. Дзякуючы кнізе пра творчасць гараджан даведаецца як мага больш людзей. І ўжо будзе не сорамна за мяжой казаць, не падмацоўваючы фактамі, што ў нас ёсць паэты. Зараз можна адразу паказваць гэты зборнік! Таму справядліва зараз казаць: “У Гродне паэты ёсць”. І гэта будзе праўда”, – адкрываючы вечарыну сказала паэтка Вольга Галаўня.

 

Зборнік атрымаў сваю назву ад аднаіменага верша Паўла Салаўёва. З выканання песні на гэты верш бардам Таццянай Салаўёвай і пачалася творчая сустрэча. Таццяна адразу папярэдзіла слухачоў, каб не ўспрымалі гэтыя словы надта сур’ёзна,  бо хоць верш і не вельмі пазітыўны, але душэўны і кранальны.

 

“Время играет в нас – в лотерею. Время сгорать в огне,
Время тонуть в отравленных водах, прыгать в небесную синь,
Время вставать, водить хороводы подле сожжённых осин.
Время не вымерять счётчиком Гейгера. Время спускать корабли,
Но, отплывая, не видишь берега с той стороны земли”.

Зборнік пабачыў свет дзякуючы аднаму з гарадзенскіх эмігрантаў, які жыў у Швецыі. Яму так надакучыла даказваць, што на яго малой Радзіме хапае талентаў, што ён вырашыў выдаць такую публікацыю. Сам адбіраў паэтаў, сам сачыў, каб упадабаныя яму творы трапілі ў гэтую кнігу.

Усяго у зборнік увайшлі творы васьмі чалавек: Паўла і Таццяны Салаўёвых, Аляксандра Зіміна, Вольгі Галаўні, Аляксандра Шкулепы, Даяны Хасід, Віталя Гардзейчыка, Сяргея Рамашова, Міхаіла Чырко. Ілюстравала зборнік маладая дызайнерка Ганна Падчыненкава.

Кніга атрымалася каляровая і вельмі прывабная. І хаця выдавец Аляксандр Рыжы (на здымку) прызнаўся, што былі некаторыя цяжкасці ў выданні кнігі, яны ўсе ўжо ў мінулым, а вынікам сумеснай працы ён вельмі задаволены.

Вечарына прайшла ў цёплай атмасферы: паслухаць паэтаў прышлі не толькі прыхільнікі іх таленту, але і шмат родных ды сяброў.

 

Здымкі Яна Лялевіча