“Афіцыйны” Дзень Губерта: звычайнае гарадское свята ў новай абгортцы

| Без катэгорыі

Сенсацыі не адбылося: са сцэны, як звычайна на падобных дзяржаўных мерапрыемствах, гучала расейская мова, як заўсёды арганізатары ў многім “выехалі” на дзецях (канцэртныя нумары маленькіх гарадзенцаў аказаліся бяспройгрышным варыянтам) і на гарадзенскіх клубах гістарычнай рэканструкцыі, якія традыцыйна выступаюць на ўсіх гарадскіх святах.

 

Асноўныя мерапрыемствы адбыліся ў парку Жылібера і на пляцоўках Старога і Новага замкаў, а таксама ў абласной бібліятэцы імя Карскага і ў зоопарку. Усе падзеі былі прысвечаны апекуну горада святому Губерту – заступніку паляўнічых, егераў, ляснічых і лучнікаў.

Афіша – адзіны беларускамоўны элемент свята

 

Распачалі святочную праграму ў парку Жылібера Святы Губерт і багіня Зевана. Канешне ж, размаўлялі па-расейску. Пасмяшыў гасцей свята вабільшчык-егер Канстанцін (на фота ніжэй), які з жартамі і паляўнічымі байкамі прадэманстраваў, якім чынам паляўнічыя завабліваюць жывёлаў і птушак на адлегласць выстралу. Гукі, якія выдаваў гэты бессаромны, але вельмі пазітыўны чалавек, цяжка апісаць словамі. Лепш, канешне, адзін раз пачуць. Дарэчы, егер нагадаў прысутным пра Святое балота і заклікаў усіх паспрыяць яго выратаванню.

Выставы сабак у Гродне сталі ўжо традыцыйнымі і нават троху прыеліся. Дэфіліравалі жывёлы ў касцюмах маракоў, памежнікаў, жаніха і нявесты і нават у форме футбольнага клуба “Нёман”.

 

На выяздным гандлі можна было набыць мяса дзікіх жывёл і птушак: дзікоў, фазана і, увага – аленяў! Можна было, заплаціўшы каля 100 тысяч, пакаштаваць мяса разрубленага на кавалкі сімвала нашага горада.

 

Вока зачапілася за яшчэ адныя арыгінальныя прысмакі – чыпсы з мяса свінні. Таксама можна было пакаштаваць свежай гарачай вухі, якую ў вялікім катле гатавалі на адкрытым вогнішчы.

 

 



 

Падчас святкавання прайшла гульня-квэст па пошуку ключоў Святога Губерта, у якой прынялі ўдзел каманды розных адукацыйных устаноў: Медыцынскага ўніверсітэта, універсітэта імя Я. Купалы, каледжа мастацтваў і г.д. Асобную каманду склала сборная горада. Перамаглі ў квэсце і атрымалі ўзнагароды прадстаўнікі купалаўскага ўніверсітэта.

Пад сценамі Старога замка гарадзенскія гістарычныя клубы “Княжы двор” і “Арыдан” правялі турнір лучнікаў, а таксама майстар-класы па рамёствах і гістарычных танцах. Дарэчы, у мінулым годзе традыцыйны турнір лучнікаў быў чамусьці забаронены. Зараз жа ён адбываўся афіцыйна, праўда, у ім удзельнічалі толькі чатыры чалавекі…

Гістарычныя клубы зладзілі таксама шэраг конкурсаў, у якіх гарадзенцы маглі паспрабаваць свае сілы ў мастацтве бою на мячах, кіданні нажоў і г.д. У конкурсе на кіданне нажоў адзіны нож трапіў у цэль з рук дзяўчыны, тым самым яна пасароміла шасцярых хлопцаў, якія так і не змаглі ўтыкнуць нож у дошку.

Увечары ў Новым замку адбыўся канцэрт ансамбля старадаўняй музыкі Гродзенскай капэлы і беларускіх гуртоў Folkmashin і Irdorath (на фота).

 

Паралельна ўсяму дзейству ў гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага ў гэты дзень адкрылася літаратурная выстава “Алень Святога Губерта – сімвал душы Гародні”, а  ў заапарку прайшла тэматычная экскурсія “У пошуках аленя Давіда”.

 

Завершыла святкаванні фаер-шоу у двары Новага замка.

 

Афіцыйны Дзень Святога Губерта пакінуў пасля сябе дваякія адчуванні. Кожны раз гарадскія святы змяняюць толькі абгортку, змест застаецца практычна тым самым.

 

Праўда, самім чыноўнікам свята вельмі спадабалася: прытанцоўваючы, гарадзенскія ідэолагі з аблвыканкаму любаваліся на вынікі сваёй ініцыятывы і запівалі радасць гарачым напоем з папяровых стаканчыкаў – спачатку ў парку Жылібера, а пасля і на пляцоўцы Старога Замку.

 

Паглядзім, якімі стануць альтэрнатыўныя Дні Святога Губерта, якія зладзіць гарадзенская грамадскасць ужо на гэтым тыдні.

 

Здымкі Яна Лялевіча