120 год таму нарадзіўся Кастусь Езавітаў
5 лістапада 1893 г. у Дзвінску (зараз – Даўгаўпілс, Латвія) нарадзіўся Кастусь Езавітаў. Чалавек незвычайнага лёсу, жыццё якога часта нагадвала прыгодніцкі раман – удзельнік І сусветнай вайны, міністр вайсковых справаў БНР, чалавек, які пераканаў Булак-Балаховіча выступіць на баку маладой беларускай рэспублікі… У пачатку 1919-га Езавітаў – камендант Гродна, адзін з камандзіраў 1-га Беларускага палка.
У міжваенны перыяд Езавітаў жыве ў Латвіі і займаецца культурнай дзейнасцю, у першую чаргу школьніцтвам. Пры гэтым інтарэсы беларускай дыяспары часам перакрыжоўваліся з інтарэсамі латышскага ўраду: за “антыдзяржаўную” дзейнасць Езавітаў некалькі разоў трапляў у турму. Адзін з канфліктаў быў выкліканы… мапамі этнічных беларускіх земляў у школах, у якія ўваходзілі ваколіцы Дзвінска – то бок тэрыторыя Латвіі.
Ужо ў канцы вайны, немаладога але дасведчанага ў вайсковай справе Езавітава запрашаюць у Мінск – дапамагчы ў арганізацыі Беларускай Краёвай Абароны. Аднак хутка генерал апынецца ў Нямеччыне і вясной 1945, праз здраду ад’ютанта, свайго былога вучня, апынецца ў руках СМЕРШу.
Жыццё Езавітава, ягоныя кантакты і сувязі, дзейнасць і нават смерць – дагэтуль акутаныя таямніцай. Афіцыйная версія смерці – цяжкая ступень сухотаў, турэмны шпіталь, Мінск, 1946 год. Ёсць і іншыя: расстрэл у мінскай “Амерыканцы”, павешанне ў Віцебску… Праўду, імаверна, мы зможам даведацца толькі пасля рассакрэчвання архіваў КДБ.
Езавітаў другі злева – разам з прадстаўнікамі замежных вайсковых місіяў, Гродна 1919