За крадзеж саджанцаў – царкоўны праклён?

|

Як кажа а. Андрэй Крот, настаяцель парафіі, адзін прыхаджанін у сярэдзіне кастрычніка ахвяраваў парафіі каля 20 саджанцаў: туі, берасклеты, самшыт і іншыя. Усе дрэўцы былі пасаджаныя каля новазбудаванага парафіяльнага цэнтра па вуліцы Гараднічанскай, 32а (на фота ніжэй).

“25 кастрычніка, калі мы прыйшлі на службу, то ўбачылі, што часткі дрэўцаў няма, – распавядае а. Андрэй, – наступныя знікненні я заўважыў 1 лістапада, ну а апошнія дрэўцы зніклі ў мінулую нядзелю”.

 

Святар звярнуўся ў міліцыю ў суботу, тады ж супрацоўнікі МУС правялі агляд тэрыторыі, зрабілі фота, запісалі сведчанні. Але акурат наступную ноч знікла рэшта дрэўцаў!

 

Са словаў міліцыянтаў, па факце будзе распачатая крымінальная справа. Агульны ўрон перавышае мільён рублёў, калі браць ва ўлік рынкавы кошт саджанцаў.

а. Андрэй паказвае, дзе раслі зніклыя саджанцы

 

Па словах а.Андрэя, куды больш сур’ёзныя наступствы чакаюць рабаўніка ў духоўным плане:


“Такі чалавек сам наклікае на сябе праклён, бо яго ўчынак – супрацьстаянне з Богам і Царквой. Крадзеж – гэта грэх, а крадзеж таго, што людзі ахвяравалі для Бога – яшчэ большы. І тут не грае ролі ягоная канфесійная прыналежнасць, бо для ўсіх аднолькава сказана: “Не ўкрадзі!”.

 

Цікава, што будынак райаддзелу таксама знаходзіцца на вул. Гараднічанскай, прыкладна ў 50 метрах ад парафіяльнага цэнтру.