Астравецкая АЭС: рызыкі пераважваюць перспектывы

|

Такая думка неаднаразова гучала на Круглым стале “Беларуская АЭС: рызыкі і перспектывы”, зладжаным 19 чэрвеня Беларускай Асацыяцыяй Журналістаў.


Як паведамляецца ў прэс-рэлізе гэтай грамадскай арганізацыі, мэтай мерапрыемства было звяртанне ўвагі міжнароднай супольнасці на выкананне ў Беларусі палажэнняў Орхускай канвенцыі пры разглядзе пытання пра будаўніцтва АЭС у краіне.

Да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаныя эксперты ў галіне атамнай энэргетыкі і экалогіі, а таксама журналісты.

У час сустрэчы адзначалася, што танная атамная электрычнасць – гэта міф. І нават у Францыі, якую заўсёды прыводзяць у якасці прыкладу беларускія ўлады, атамная энергетыка – сфера датацыйная. А ў беларускім бюджэце такіх грошай няма і ў бліжэйшы час не будзе.

Таму большасць экспертаў, якія бралі ўдзел у сустрэчы, не бачаць магчымасці рэалізацыі праекту будаўніцтва АЭС у Беларусі ў бліжэйшы час. Перш за ўсё з эканамічных прычын.

На думку удзельнікаў «круглага стала», на сёння праблема палягае хутчэй не ў небяспецы той ці іншай тэхналогіі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, не ў недахопе адмыслоўцаў у гэтай галіне, і нават не ў недахопе сродкаў, а, як зазначыў журналіст і актывіст экалагічнага руху Валер Дранчук, у «парушэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанай нашай краінай міжнароднай Орхускай Канвенцыі».

Журналісты павінны апеляваць да так званага “нулявога варыянту”, — адзначыў Валер Дранчук. – Абмяркоўваць сёння тэхналогіі – антыканстытуцыйная справа, бо існуе Орхуская канвенцыя, якая гарантуе грамадскасці ўдзел у абмеркаванні неабходнасці будаўніцтва АЭС. Гэтага сёння не робіцца, і мы павінны апеляваць да міжнароднай супольнасці».

Між тым, як паведаміла агенцтва БЕЛТА, у ліпені – пачатку чэрвеня Беларусь накіруе суседнім краінам справаздачу з ацэнкай уздзеяння Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе.

Затым беларускі ўрад плануе правесці кансультацыі і грамадскія слуханні з удзелам міжнародных экспертаў, каб “адразу на ранняй стадыі зняць магчымыя вострыя моманты, якія могуць узнікнуць у час выканання праекта” – цытуе БЕЛТА першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Апацкага.

Як ўжо неаднаразова пісаў “Твой стыль”, усе папярэднія спробы арганізаваць такія грамадскія слуханні ў Астраўцы, ініцыяваныя прадстаўнікамі мясцовай грамадскасці, былі няўдалымі – ініцыятары слуханняў кожны раз атрымлівалі адмову з боку мясцовых уладаў у прадстаўленні памяшканняў для слуханняў.

На здымку: ідзе паседжанне Круглага стала

фота: baj.by