Урад прапануе абкласці кожны аўтамабіль падаткам 500 тысяч рублёў
Палата прадстаўнікоў пачала разгляд праекта рэспубліканскага бюджэта на 2014. Сярод патрабаванняў МВФ і ЕўрАзЭС – бездэфіцытнасць гэтага дакумента.
Плануемыя выдаткі складаюць каля $22 мільярдаў. Дацягнуць даходы да узроўню выдаткаў складана. Урад напланаваў атрымаць $2 мільярды ад прыватызацыі, а таксама прапанаваў некалькі незвычайных новаўвядзенняў.
Па-першае, нарэшце сфармуляваныя палажэнні «падатка на дармаедаў», пра магчымасць увядзення якога казаў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Паводле словаў прадстаўніка міністэрства фінансаў Святланы Крэтавай, прапануецца ўвесці штогадовы збор у памеры 20 базавых велічыняў. На сёння гэта 2,6 мільёна рублёў.
Другое плануемае новаўвядзенне закране яшчэ большую колькасць беларусаў.
Гэта будзе «пошліна за допуск аўтамабіля да дарожнага руху». З кожнага аўтамабіліста дзяржава хоча ўзяць па 3-5 базавых велічыняў на год – 390-650 тысяч рублёў.
Па словах прадстаўніка міністэрства фінансаў Алега Селіверстава, плацёж будзе разовым і сплачвацца як з грузавікоў, так і з легкавікоў.
На пачатак года ў краіне было зарэгістравана 3 818 тысяч транспартных сродкаў. Калі б уласнікі кожнага з іх сплацілі па 500 тысяч рублёў, дзяржава б атрымала каля $200 мільёнаў.
Здымак photo.bymedia.net