На Гарадзеншчыне распрадаюць школы, клубы, свінарнікі, сядзібы
Адразу некалькі школ з гаспадарчымі пабудовамі выстаўляюцца на аўкцыён ужо 14 лістапада.
У Шчучынскім раёне – Багушэўская базавая школа 1974 года пабудовы (у будынку прапануецца размясціць аб’екты жылля, гандлю альбо экалагічна чыстай вытворчасці); двухпавярховы будынак школы 1970 года ў вёсцы Кемяны; школа ў в.Красулі (двухпавярховы цагляны будынак 1975 года); двухпавярховы цагляны будынак школы ў в.Лагоды (1973г.).
Для размяшчэнняаб’ектаў адміністратыўна-гаспадарчага прызначэння, гандлю, грамадскага харчавання, спорту, турызму, базы адпачынку альбо іншых сацыяльных аб’ектаў прапануецца прастасаваць будынак былой школы ў Зарудаўі (Мастоўскі раён) 1949 года пабудовы.
Аўкцыён пройдзе 14 лістапада а 12-ай гадзіне па адрасе: Гродна, вул. 17 Верасня, 39.
18 лістапада а 12-ай гадзіне Аддзел адукацыі спорту і турызму Наваградскага райвыканкама выставіць на продаж будынак школы 1960 г з гаспадарчымі пабудовамі ў вёсцы Пуцевічы Наваградскага раёна.
Пачатковы кошт – 720 262 956 рублёў.
Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей у гэты дзень як мінімум за 586 174 143 рублі паспрабуе прадаць 2-павярховы цагляны будынак друкарні 1936 года ў Наваградку.
Чарговы аўкцыён адбудзецца 21 лістапада.
Свіслацкі цэнтральны раённы шпіталь выстаўляе на продаж комплекс будынкаў былой сядзібы ў Поразаве. У камплекце з гісторыка-культурнай каштоўнасцю – драўлянай аднапавярховай сядзібай з мансардамі і тэрасай – ідуць хірургічны і адміністрацыйны карпусы, гаспадарчыя пабудовы сярэдзіны 20 стагоддзя. У дадатак – парк (арэнда), які таксама мае гісторыка-культурную каштоўнасць.
У спісе – 455 шматгадовых раслін і дрэваў: туі, ліпы, сосны, слівы, асіны, дубы, яблыні, грабы, елкі, таполі, бярозы, клёны і сосны.
Пачатковы кошт – 874 432 553 рублі.
Пакупнік павінны цягам 2 гадоў увесці маёмасць у гаспадарчы абарот, стварыўшы на базе сядзібы аб’ект турыстычнага бізнесу, і забяспечыць свабодны доступ наведнікаў да гістарычных аб’ектаў.
У гэты ж дзень будзе прадавацца памяшканне невызначанага прызначэння 1880 года па вуліцы Малы Замак у Наваградку.
Пачатковы кошт – 50 945 500 рублёў.
25 лістапада на продаж пойдзе былы вясковы клуб з прыбудовамі ў вёсцы Драгічаны Ваўкавыскага раёна (985 год).
28 лістапада за 15 базавых велічынь можна будзе набыць свінарнік 1983 года, а з ім некалькі цэхаў і гаспадарчых пабудоваў у в.Ляда Мастоўскага раёна. Умова продажу – пачатак аказання на аб’екце паслуг прыдарожнага сервіса максімум праз 2 гады і стварэнне 5 працоўных месцаў.
У вёсцы Дзенькаўцы за 2 базавыя велічыні прадаецца бібліятэка з прыбудовай (1950 год). Будынак неабходна вярнуць у гаспадарчае абарачэнне цягам 2 гадоў і стварыць як мінімум 2 працоўных месца.
2 снежня Гродзенскі абласны цэнтр турызма і краязнаўства прадае драўляны будынак турбазы ў Азёрах (1936 годзе), будынак спортзала і гаспадарчыя пабудовы. Іх неабходна таксама вярнуць у гаспадарчае абарачэнне цягам 2 гадоў.
Першапачатковы кошт – 94 336 925 рублёў.
У Росі на продаж выстаўляецца цэлы комплекс самых разнастайных будынкаў (1950-80-ыя гг.) былога вайсковага гарадка №11. У спісе – казарма, пункт кіравання, КПП, свінарнік, гараж, бомбасховішча ды шмат іншага.
Гэты лот каштуе найдаражэй – 1 629 286 864 рублёў.
Аўкцыёны ў Гродне пройдуць таксама 5, 9 і 12 снежня.
Знайсці новых гаспадароў для старых будынкаў з першага разу атрымліваецца далёка не заўсёды.
Здымак http://globus.tut.by