Конкурс для школьнікаў «1939 год у памяці жыхароў Беларусі»

|

Інтэрнет-праект«Беларускі архіў вуснай гісторыі» МГА «Гісторыка» і ГА «Дыярыуш» запрашаюць вучняў старшых класаў сярэдніх школ і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў да ўдзелу ў конкурсе «1939 год у памяці жыхароў Беларусі».

Што адбылося ўвосень 1939 года? Як гэтыя падзеі паўплывалі на жыццё беларусаў па абодва бакі мяжы? Які вобраз тых пераўварэнняў захавала памяць беларусаў? Якое значэнне для гістарычнага лёсу беларускай нацыі мае восень 1939 года?

Калі вам цікавыя гэтыя пытанні, значыць наш Конкурс для вас!

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна звярнуцца да вусных успамінаў. Гэта значыць, да сведчанняў людзей пра падзеі 1939 г. і тыя змены, якія прынесла ў жыццё беларусаў савецкая ўлада.

Вусныя ўспаміны дазваляюць паглядзець на гістарычную падзею вачыма канкрэтнага чалавека.

У складзе журы вядомыя навукоўцы, супрацоўнікі БАВГ, «Гісторыкі». Старшыня журы – доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

Тэрмін правядзення конкурсу – з 15 кастрычніка 2013 года па 15 мая 2014 года. Чакаем конкурсныя працы і вашыя пытанні на электронную скрыню: konkurs@nashapamiac.org ці па адрасе: МГА «Гісторыка» 220000, а/с 128 (з пазнакай «Конкурс для школьнікаў»).

Апошні тэрмін падачы прац – 15 мая 2014 года (фіксуецца па паштовым штэмпелі ці даце дасылкі электроннага ліста). Працы, дасланыя пазней, не прымаюцца.

Пераможцы і найбольш актыўныя кіраўнікі атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы. Лепшыя працы будуць апублікаваныя, а іх аўтары – запрошаныя на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў.

Конкурсная праца павінна ўключаць наступныя лічбавыя файлы:

• Тэкст эсэ, напісанага на падставе вусных успамінаў і іншых крыніц;

• Дадаткі (аўдыё- ці відэафайл інтэрв’ю, апытальнік, анкета рэспандэнта(ў), копіі фотаздымкаў, дакументаў і інш).

Мінімальны памер працы – 10.000 знакаў, што прыкладна складае 4–5 старонак А4, інтэрвал 1,5.

Працу можна рабіць індывідуальна, альбо групай, самастойна ці з дапамогай кіраўніка.

Матэрыялы для працы і метадычныя рэкамендацыі для напісання конкурснай работы можна спампаваць ў спецыяльнай рубрыцы па адрасе www.nashapamiac.org/archive/konkurs1939.html

Па любым пытанням звяртайцеся па тэлефонам: 8 029 3975215 (Вольга), 8 029 3583184 (Павел).

 

Здымак https://www.belaruspartisan.org