Дэлегацыя з Гродна ўзяла ўдзел у “F.ART.by” – 2013

Урачыстае адкрыццё імпрэзы праходзіла 12 лістапада ў гарадской Ратушы Мінска.

 

Паназіраць за кітайскай гарбатнай цырымоніяй, пачаставацца халвой з Азербайджана і паслухаць народныя мелодыі Венесуэлы змагла і дэлегацыя ГрДУ імя Янкі Купалы. У яе складзе былі прарэктар па навучальнай працы Уладзімір Барсукоў, намеснікі начальніка кіравання выхаваўчай працы з моладдзю Алена Стэльмах і Ларыса Таранцей, магістрант педагагічнага факультэта Пэн Шэнь.

 

Студэнты з Азербайджана, Венесуэлы, В’етнама, Кітая, Нігерыі і іншых краін прадстаўлялі сябе і сваю радзіму яскрава і вельмі эмацыйна.

 

У час імпрэзы можна было паглядзець выставу народных рамёстваў, паспрабаваць свае сілы ў каліграфіі, вывучыць народныя інструменты і паслухаць народныя песні.  

 

У межах фестывалю адбыліся выстава-конкурс фотапрац студэнтаў “Сто твараў – моладзь у гісторыі і культуры” (на ёй былі прадстаўленыя і працы гарадзенскіх студэнтаў), канцэрт з удзелам замежных студэнтаў і творчых калектываў ВНУ.

 

Магістрант купалаўскага ўніверсітэту Пэн Шэнь (на здымку) праспяваў у час канцэрту на беларускай мове “Купалінку”.

У мінулыя гады ўдзельнікі скардзіліся, што ім недастаткова тыдня, каб паказаць сябе і свае краіны ва ўсёй іх прыгажосці. Вось арганізатары і пайшлі ім насустрач – сёлета фэставыя імпрэзы расцягнуліся на цэлы месяц.

 

Падвядзенне вынікаў і ўрачыстае закрыццё фестывалю творчасці замежных студэнтаў адбудзецца 19 снежня.

 

Ва ўсіх ВНУ Беларусі сёлета навучаюцца больш 14 тысяч студэнтаў з 95 краін.

 

У гараденскім купалаўскім універсітэце вучыцца 305 замежных студэнтаў з 16 краін свету. Сярод іх — прадстаўнікі Польшчы, Германіі, Кітая, Азербайджана, Туркменістана, Ізраіля, Эквадора.

 

Паступаць у аспірантуру і магістратуру ўніверсітэта збіраюцца студэнты з Венесуэлы. У прыватнасці, рыхтаваць у нас сваіх спецыялістаў хоча Міністэрства навукі і тэхналогій гэтай краіны.

 

Фота grsu.by