Акварэлі Гродна часоў вайны чакаюць на пакупніка
Аўкцыён artinfo.pl прапаноўвае пяць акварэляў малавядомага мастака Вацлава Маркоўскага з відамі Гродна. На малюнках – Нёман, Замкавая гара, Бернардынскі ды Францішканскі касцёлы, Каложа. Маркоўскі, дарэчы, наш зямляк, нарадзіўся ў Сапоцкіне.
“Акварэлі былі выстаўленыя год таму і тады іх не прадалі, – каментуе гісторык Андрэй Вашкевіч, які знайшоў малюнкі ў сеціве, – з мастацкага пункту гледжання ацэньваць працы не магу, але Гродна ў тыя часы малявала не так шмат людзей, таму не варта іх ігнараваць. Тым больш, што як мастак Вацлаў Маркоўскі амаль невядомы нават спецыялістам”.
Кошт акварэляў – ад 600 да 1250 польскіх злотых. Калі пералічыць 600 злотых на беларускія, атрымаецца зусім нядорага – 1 млн 800 тыс. рублёў. Невялікі кошт, нават калі параўнаць з творамі сучасных (!) гарадзенскіх мастакоў.
“Для мяне асабіста гэта вельмі цікавыя ракурсы нашага горада, яшчэ і ваеннай пары. Глядзіш на жыццярадасныя акварэлі і думаеш пра гетта, ваеннапалонных… жыццё і смерць заўсёды побач,” – мяркуе Вашкевіч.
Дапамагчы набыць унікальныя карціны Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею маглі б спонсары альбо гарадскія ўлады. Інакш малюнкі так і застануцца ў Польшчы альбо назаўжды патрапяць у рукі прыватных калекцыянераў.